Беларуская Служба

Алексіевіч — пра Статкевіча і бяссілле дэмакратычных краін свету супраць дыктатуры

14.09.2025 10:16
«Два маленькія дыктатары, а свет перад імі бяссільны».
a
Святланa Алексіевіч Wikimedia Foundation/Elke Wetzig/CC BY-SA 3.0

13 верасня ў Берліне адбылася сустрэча з нобелеўскімі лаўрэаткамі – беларускай пісьменніцай Святланай Алексіевіч і адной з заснавальнікаў расійскага «Мемарыяла» Ірынай Шчарбаковай, на якім пабывала DW. Падчас дыскусіі яны разважалі пра тое, чаму дэмакратыя аказалася слабой перад дыктатарамі і што дапамагае чалавеку заставацца вольным.

Алексіевіч адзначыла, што галоўная праблема ў тым, што людзі часта адчуваюць сябе «маленькімі і бяссільнымі». Але менавіта правы чалавека паказваюць, што кожны чалавек мае значэнне і можа супраціўляцца. Пісьменніца таксама расказала, што працягвае пісаць - новая кніга пра «чырвонага чалавека», які, паводле яе слоў, «забраў у яе краіну і развязаў вайну ва Украіне». Упершыню ў гэтай кнізе Алексіевіч піша не толькі пра іншых, але і пра сябе, пра выгнанне і пра беларускую рэвалюцыю.

Ірына Шчарбакова звярнула ўвагу, што сённяшняя ідэалогія ў Расіі – гэта небяспечная сумесь савецкіх міфаў, выпадковых цытат і скажонага разумення гісторыі. Гэтая «атрутная сумесь», паводле яе, усё больш ператвараецца ў афіцыйную дзяржаўную ідэалогію.

Алексіевіч таксама пракаментавала вызваленне ў Беларусі часткі палітвязняў, сярод якіх быў Мікалай Статкевіч. Яна назвала яго «моцным і прыгожым чалавекам», але падкрэсліла, што нельга патрабаваць такой жа мужнасці ад усіх вязняў. На яе думку, галоўнае – каб людзі засталіся жывымі, нават калі дзеля гэтага даводзіцца падпісваць прашэнні аб памілаванні.

Пісьменніца падзялілася і самым моцным сваім уражаннем апошніх гадоў: свет не мае механізму, каб супрацьстаяць дыктатарам, якія ўсё больш набліжаюцца да фашызму. «Два маленькія дыктатары, а свет перад імі бяссільны», – адзначыла яна, маючы на ўвазе Пуціна і Лукашэнку.

Крыніца: DW