Беларуская Служба

Чыноўнікі хочуць увесці змены для тых, хто выязджае за мяжу і тых, хто вяртаецца назад у краіну

14.09.2025 17:04
Працэдуру праходжання пагранічнага кантролю хочуць дапоўніць магчымасцю «ажыццяўлення асабістага дагляду грамадзян і іх рэчаў, у тым ліку з дапамогай тэхнічных і спецыяльных сродкаў».
.
.spring96.org

Чыноўнікі хочуць унесці змены па перасячэнні мяжы і дактыласкапіі. Магчымыя навінкі прапісаныя ў законапраекце, які паступіў на разгляд у парламент - паведамляе «Зеркало».

У Палату прадстаўнікоў унеслі на разгляд законапраект «Аб змяненні законаў». Як паведамляецца, яго падрыхтавалі для «ўдасканалення заканадаўства ў сферы забеспячэння нацыянальнай бяспекі».

Сярод іншага чыноўнікі хочуць абавязаць кампаніі і ІП, якія выконваюць міжнародныя аўтамабільныя пасажырскія перавозкі, перадаваць персанальныя даныя кліентаў у інфармацыйныя сістэмы Мінтранса. Як плануецца, бізнес будзе рабіць гэта бязвыплатна.

Таксама ўдакладняюцца пералік асоб, якія падлягаюць абавязковай дактыласкапічнай рэгістрацыі, звесткі, што фіксуюцца падчас гэтай рэгістрацыі, тэрміны захоўвання і парадак доступу да дактыласкапічнай інфармацыі.

Пагранічнікаў хочуць надзяліць паўнамоцтвамі на правядзенне абавязковай дзяржаўнай дактыласкапічнай рэгістрацыі, атрыманне, выкарыстанне і захоўванне дактыласкапічнай інфармацыі.

Працэдуру праходжання пагранічнага кантролю хочуць дапоўніць магчымасцю «ажыццяўлення асабістага дагляду грамадзян і іх рэчаў, у тым ліку з дапамогай тэхнічных і спецыяльных сродкаў».

Як удакладняецца, законапраект прадугледжвае ўнясенне змяненняў у законы «Аб дзяржаўнай дактыласкапічнай рэгістрацыі», «Аб Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь», «Аб органах пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь» і «Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь».

нг