Беларуская Служба

Партыя «Народная Грамада» патрабуе рэакцыі міжнароднай супольнасці на знікненне ейнага старшыні Мікалая Статкевіча (Абноўлена)

15.09.2025 08:40
Вядома, што Мікалай Статкевіч не пакінуў Рэспубліку Беларусь, але і дадому ён не вярнуўся, б’е трывогу «Народная Грамада».
Мікалай Статкевіч screen/youtube, канал Мікалая Статкевіча на You Tube

«Партыя «Народная Грамада» патрабуе неадкладнай і бескампраміснай рэакцыі ад беларускай і міжнароднай супольнасці ў сувязі са знікненнем нашага Лідара Мікалая Статкевіча», – чытаем у заяве, апублікаванай у тэлеграм-канале арганізацыі.

Яна нагадвае, што 11 верасня старшыня Партыі «Народная Грамада» Мікалай Статкевіч быў вывезены з месца ўтрымання і дастаўлены да мяжы праз пункт пропуску «Каменны Лог».

«Відэа- і фотафіксацыя паказваюць, што палітык заставаўся на нейтральнай паласе. Гэта пацвярджае в. а. старшыні партыі Яўген Вільскі. Сведчанняў аб тым, што Мікалая Статкевіча прымусова выводзілі ў бок Літоўскай Рэспублікі, не паступала. Адначасова з гэтым, паводле слоў Яўгена Вільскага, іх размова з Мікалаем Статкевічам адбывалася на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у прысутнасці супрацоўнікаў КДБ. Пасля размовы з Яўгенам Вільскім і адмовы перасякаць мяжу з Літоўскай Рэспублікай Мікалай Статкевіч заставаўся ў пункце «Каменны Лог» (Рэспубліка Беларусь). Далей інфармацыя аб месцазнаходжанні палітыка адсутнічае. Вядома, што Мікалай Статкевіч не пакінуў Рэспубліку Беларусь, але і дадому ён не вярнуўся», – чытаем у заяве.

Паводле прадстаўнікоў партыі, сапраўднасць фота- і відэаматэрыялаў пацверджана даступнымі онлайн-трансляцыямі з вэб-камер на пункце пропуску «Каменны Лог», дзе зафіксаваныя апошнія вядомыя моманты з Мікалаем Статкевічам.

Таму Партыя «Народная Грамада» настойліва патрабуе ад адпаведных органаў Беларусі абвяшчэння поўнай інфармацыі пра лёс Статкевіча, а таксама незалежнага і празрыстага расследавання з удзелам міжнародных інстытуцый па гэтай справе, свабоднага доступу да яго адвакатаў і сям’і ды гарантыяў фізічнай бяспекі палітвязня з беларускага боку.

«Мы заклікаем журналістаў, міжнародныя прадстаўніцтвы і ўсіх неабыякавых грамадзян не зачыняць вочы. Паведамленні пра месцазнаходжанне Мікалая павінны быць апублікаваныя не праз чуткі, а праз афіцыйныя каналы з доказамі. Час ідзе – кожная гадзіна мае значэнне», – чытаем у заяве Выканаўчай Рады партыі «Народная Грамада», змешчанай у тэлеграм-канале арганізацыі.

Між тым, як паведаміла «Наша Ніва» са спасылкай на «правераныя крыніцы», Мікалай Статкевіч быў вернуты ў папраўчую калонію ў горадзе Глыбокае, дзе ён знаходзіўся ў зняволенні апошнія два з паловай гoдa.

аз

У некаторых вызваленых палітвязняў забралі пашпарты перад дэпартацыяй

12.09.2025 11:24
У некаторых палітвязняў, вызваленых у чацвер 11 верасня, забралі пашпарты. Без дакументаў у Літве апынуліся журналіст Ігар Лосік, журналіст, блогер з анархічнымі поглядамі Мікалай Дзядок і іншыя.

Дзе цяпер Статкевіча – не вядома. Дома яго няма

12.09.2025 15:46
Учора Міколу Статкевіча вызвалілі і везлі ў Літву, але ён адмовіўся пакідаць Беларусь.