Раней улады Беларусі называлі «экстрэмісцкімі» сацыяльныя сеткі навучальнай установы, якая ў свой час працавала на тэрыторыі Беларусі.
«ЕГУ, пазіцыянуючы сябе ў якасці беларускага ВНУ ў выгнанні, праводзіць мэтанакіраваную працу для дэстабілізацыі сацыяльна-палітычнага становішча ў краіне, аказвае метадычную, арганізацыйную і фінансавую дапамогу прадстаўнікам радыкальных палітызаваных груповак і выкарыстоўваецца спецыяльнымі службамі некаторых сумежных дзяржаваў для нанясення стратаў інтарэсам Беларусі.
Дэклараваныя мэты – рыхтаванне беларускай моладзі да рэалізацыі заходніх сцэнароў трансфармацыі палітычнай сістэмы ў Беларусі, прасоўванне «альтэрнатыўных« трактовак гістарычных, культурных і іншых падзеяў, так званых дэмакратычных каштоўнасцяў, ідэяў «еўрапейскасці», – гаворыцца ў паведамленні Генеральнай пракуратуры.
ЕГУ заснаваны ў Мінску ў 1992 годзе, але з 2004 году працуе ў Вільні, бо ў Беларусі ад установы адабралі ліцэнзію. Каля 80% цяперашніх студэнтаў ЕГУ – беларусы. Беларусаў шмат і сярод выкладчыкаў. Агулам ва ўніверсітэце каля 1500 студэнтаў і каля 100 выкладчыкаў.
Сайт і сацыяльныя сеткі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту прызнаў «экстрэмісцкімі» суд Цэнтральнага раёну Мінску 20 жніўня.
Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт напісаў пасля прызнання экстрэмісцкімі ягонага сайту і сацыяльных сетак уладамі Беларусі:
«Звяртаем вашу ўвагу, што экстрэмісцкімі прызнаныя канкрэтныя інфармацыйныя каналы ЕГУ. Навучанне ва ўніверсітэце, навукова-акадэмічная і ўсякая іншая дзейнасць, звязаная з ЕГУ, не можа быць прадметам правапарушэння», – заявілі ў ВНУ.
Свабода/ав