Беларуская Служба

Мікалаю Статкевічу вернуты статус палітзняволенага

16.09.2025 16:04
На 16 верасня ў Беларусі 1 168 палітвязняў.
Мікалай Статкевіч screen/youtube, канал Мікалая Статкевіча на You Tube

Палітыку Мікалаю Статкевічу, які пасля вызвалення адмовіўся ад выезду за мяжу, вернуты статус палітзняволенага, паведамілі «Позірку» ў праваабарончым цэнтры «Вясна».

Напярэдадні, 15 верасня, ён быў яшчэ ў статусе былога палітвязня. У «Вясне» патлумачылі гэта «тэхнічным момантам». «Яго не паспелі вярнуць у спіс палітвязняў – хутка гэта зробяць», – заявілі ў праваабарончым цэнтры.
Статкевіч, які быў затрыманы ў траўні 2020 года і пазней асуджаны на 14 гадоў пазбаўлення волі, і яшчэ 51 чалавек былі вызваленыя 11 верасня ў рамках здзелкі паміж адміністрацыяй прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і Аляксандрам Лукашэнкам. Умовай вызвалення быў выезд за мяжу.

Вызваленых павезлі ў Літву, аднак Статкевіч адмовіўся выконваць умову Лукашэнкі. Некаторы час ён правёў паміж памежнымі пераходамі Каменны Лог (Беларусь) і Мядзінінкай (Літва), пасля чаго вярнуўся на беларускую тэрыторыю.

Яго далейшы лёс невядомы. У асяроддзі Статкевіча не выключаюць, што яго вярнулі ў папраўчую калонію ў Глыбокім (Віцебская вобласць), дзе ён дагэтуль утрымліваўся. Жонка Статкевіча Марына Адамовіч падала ў міліцыю заяву ў сувязі з яго знікненнем.

На 16 верасня ў Беларусі 1 168 палітвязняў.

аз

Партыя «Народная Грамада» патрабуе рэакцыі міжнароднай супольнасці на знікненне ейнага старшыні Мікалая Статкевіча (Абноўлена)

15.09.2025 08:40
Вядома, што Мікалай Статкевіч не пакінуў Рэспубліку Беларусь, але і дадому ён не вярнуўся, б’е трывогу «Народная Грамада».