Мінскі гарадскі суд прысудзіў палітзняволенаму Ігару Ільяшу чатыры гады пазбаўлення волі, як і патрабаваў пракурор. Апрача таго мужчыне прысудзілі таксама штраф у памеры 100 базавых велічыняў (4200 рублёў). Паводле адваката цягам 10 дзён будзе пададзеная апеляцыя ў Вярхоўны суд.
Суддзя Сяргей Кацэр прызнаў журналіста вінаватым паводле арт. 369 КК (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) і ч. 2 арт. 361 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
«Свабода» нагадае, што Ігара затрымалі 22 кастрычніка 2024 года. У відэазапісе, які з’явіўся пасля затрымання, Ігар Ільяш адзначаў, што да ліпеня 2021 года працаваў на тэлеканале «Белсат», а пасля стаў фрылансерам. Ён таксама прызнаваў, што даваў інтэрвію розным мeдыя, у тым ліку прызнаным у Беларусі «экстрэмісцкімі фармаваннямі».
Судовы працэс над журналістам Ігарам Ільяшом распачаўся 21 лютага 2025 года ў Мінскім гарадскім судзе. Пасля трох паседжанняў 12 сакавіка суддзя Сяргей Кацэр аб’явіў перапынак для правядзення псіхалінгвістычнай экспертызы 15 аналітычных артыкулаў аўтарства журналіста.
Хадайніцтва палітвязня пра тое, каб экспертыза ладзілася ў Дзяржаўным цэнтры судовых экспертыз, суд не задаволіў.
4 і 5 верасня Мінскі гарадскі суд у адкрытым пасяджэнні заслухаў высновы лінгвістычнай экспертызы публікацый.
У апошнім слове Ігар Ільяш адхіліў абвінавачанні ў інкрымінаваных яму злачынствах і сваёй віны не прызнаў.
Праваабаронцы прызналі Ігара Ільяша палітычным вязнем у лістападзе 2024 года.
Жонка Ігара Ільяша палітзняволеная журналістка «Белсату» Кацярына Бахвалава (Андрэева) трапіла за краты яшчэ ў лістападзе 2020 году. З таго часу журналістку двойчы судзілі і агулам прызначылі ёй 8 гадоў і 3 месяцы зняволення, яна адбывае пакаранне ў жаночай калоніі № 4 у Гомлі.
аз