Беларускія дэпутаты прынялі ў першым чытанні законапраект аб ратыфікацыі пагаднення паміж Беларуссю і Расіяй «аб мерах па ўзаемнай абароне грамадзян ад неабгрунтаванага пераследу замежнымі дзяржавамі і міжнароднымі органамі юстыцыі». Размова ідзе аб чыноўніках, пры гэтым спіс пашырылі. Пра гэта, выступаючы перад дэпутатамі, расказаў намеснік міністра замежных спраў Сяргей Лукашэвіч.
Пагадненнем прадугледжваецца, што пры атрыманні Беларуссю або Расіяй ад міжнароднага суда або трыбунала запыту на выдачу асобы з імунітэтам, выконваць яе не будуць. Асобы з імунітэтам не будуць выдадзены або іншым спосабам перададзены міжнароднаму суду або трыбуналу, а таксама выдадзены або іншым спосабам перададзены трэцяму боку для перадачы міжнароднаму суду або трыбуналу.
Чыноўнік зазначыў, што міжнароднае права прадугледжвае імунітэт для так званай тройкі: кіраўніка дзяржавы, кіраўніка ўрада і міністра замежных спраў.
- Так скажам, гэта ўсё па класіцы, як павінна было быць. Але мы жывем у хуткім свеце, які змяняецца. Адпаведна, ужо прымаючы сучасны дакумент, мы павінны адштурхоўвацца ад тых умоў, у якіх мы з вамі вымушаны працаваць. Безумоўна, гэта ўплывае і на падрыхтоўчую аналітычную працу з пункту гледжання складання спісу шырэйшага, чым так званая моцная тройка. Мы сапраўды паглядзелі з усіх бакоў, з улікам існуючай практыкі, яна якая ёсць, негатыўная, пазітыўная, але яна якая ёсць, [практыкі] нападак на нашу краіну, на нашых службовых асоб і дзейных, і былых, – заявіў Лукашэвіч.
Па словах чыноўніка, такое рашэнне – «адказ на тыя агрэсіўныя ўмовы, якія разгортваюцца па вонкавым перыметры мяжы». Ён таксама дадаў, што пакуль пагадненне будзе падпісана толькі з Расіяй, але ў далейшым плануецца яго падпісаць і з іншымі краінамі-партнёрамі.
- Сутнасць у тым, што мы абараняем не столькі службовых асоб канкрэтна, колькі абараняем сябе, краіну, свой суверэнітэт, сваю сістэму, якую мы з вамі тут устанавілі ўнутры краіны. У мяне асабістая ўпэўненасць у тым, што гэта будзе працаваць. Такім чынам, не дазваляючы даводзіць да канца тыя агрэсіўныя рэчы, якія акультурваюцца ў такую юрыдычную прыгожую абгортку некаторымі нашымі заходнімі краінамі, каб нанесці шкоду нашай краіне, – сказаў Лукашэвіч.
Хто менавіта з чыноўнікаў увойдзе ў спіс асобаў з імунітэтам, прадстаўнік МЗС не ўдакладніў.
17 сакавіка 2023 года Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэн на арышт Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай па правах дзіцяці РФ Марыі Львовай-Бяловай. Указвалася, што яны, як мяркуецца, нясуць адказнасць за ваеннае злачынства – незаконную дэпартацыю дзяцей і іх незаконнае перамяшчэнне з акупаваных тэрыторый Украіны на тэрыторыю Расійскай Федэрацыі.
Люстэрка/ав