«Мы проста не прапускаем на паліцы нашай інфармацыйнай прасторы ўсякі бруд», – прыводзіць ведамства слова Маркава, паведамляе «Позірк».
Паводле яго сцвярджэння, спіс складаецца з выданняў, якія «заклікаюць да вельмі небяспечных, незаконных ці нават проста агідных з маральнага пункту гледжання рэчаў».
«Пытанне не ў тым, каб пазбаўляць права выбару. Пытанне ў тым, каб засцерагчы людзей ад чытва, якое працуе як інфармацыйная атрута, маніпулюючы свядомасцю і разбураючы нашы традыцыйныя каштоўнасці», – сказаў Маркаў.
Чыноўнік сцвярджае, што ўлада такім чынам «не забараняе думаць», а, «наадварот, агароджвае ад мэтанакіраванага прамывання мазгоў».
«Калі размова ідзе пра абарону нацыянальнага культурнага кода і псіхічнага здароўя нацыі, дзяржава не можа заставацца ўбаку і спадзявацца толькі на тое, што кожны самастойна адфільтруе прапаганду гвалту, нянавісці ці вычварэнстваў», – заявіў ён.
Кіраўнік ведамства прызнае, што «ў сучасным свеце тэхнічна немагчыма поўнасцю сцерці інфармацыю, усё можна знайсці ў інтэрнэце»: «Але пытанне не ў тэхнічнай магчымасці доступу, а ў грамадскім статусе і легітымацыі».
«Дазволіць іх легальны продаж – значыць публічна заявіць, што дзяржава абыякавая да распаўсюджвання гэтага бруду і нават гатовая на ім зарабляць падаткамі.
Гэтага дапусціць нельга. Беларусь славіцца сваёй чысцінёй. Ва ўсім», – сказаў на заканчэнне Маркаў.
Спіс друкаваных выданняў, забароненых да распаўсюджвання на тэрыторыі краіны, упершыню быў апублікаваны ў лістападзе 2024 года. Яго фармаванне стала магчымым пасля ўступлення ў кастрычніку 2023 года змен у закон аб выдавецкай справе.
Апошняе яго абнаўленне было ў пачатку жніўня гэтага года. На дадзены момант у спісе 141 кніга, у тым ліку мастацкая літаратура, сусветныя бэстсэлеры.
Беларускі ПЭН, які дзейнічае за мяжой, назваў спіс забароненых кніг «новай формай цэнзуры».
У інтэрв'ю тэлеканалу СТВ 7 верасня намеснік міністра інфармацыі Дзяніс Язерскі заявіў, што ў Беларусі распаўсюджваецца шмат «літаратурнага шлаку».
«Трэба забараняць. Не дазваляць прадаваць, не дазваляць увозіць тое, што сёння можа нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам. І мы гэта робім», – сказаў чыноўнік.
Гаворачы аб спісе забароненых выданняў, намеснік міністра дадаў: «Магчыма, мы не так актыўна яго прымяняем, як хацелася б».
вх