Беларуская Служба

Колькасць беларусаў з дазволам на пражыванне ў Літве з пачатку года скарацілася больш як на 10 працэнтаў

18.09.2025 09:59
Дзеючы дазвол на пражыванне ў Літве на 1 верасня мелі 51520 грамадзян Беларусі, сведчаць статыстычныя даныя Дэпартамента міграцыі пры Міністэрстве ўнутраных спраў Літвы.
.
.фота: Беларуская служба Польскага радыё

На 1 студзеня 2025 года ўладальнікамі тых ці іншых дакументаў, якія легалізуюць пражыванне ў краіне, было 57511 беларускіх грамадзян (на 1 жніўня — 51962, 1 ліпеня — 52287, 1 чэрвеня — 52662 чалавекі). Такім чынам, іх колькасць з пачатку года скарацілася на 10,42%.

Часовы від на жыхарства на пачатак восені меў 47386 беларусаў (-446 чалавек за жнівень), пастаянны — 3918 (+4), часовую карту рэзідэнцтва ЕС — 141, пастаянную — 75 (абодва паказчыкі не змяніліся).

Сярод уладальнікаў часовага ВНЖ на падставе працы яго атрымала 36275 (высокакваліфікаваныя спецыялісты - 3148; месяцам раней было 36616 і 3199 адпаведна), уз'яднання з сям'ёй - 5050 (5104), на гуманітарных падставах - 1093 (933). Такім чынам, за месяц вырасла толькі колькасць тых, хто атрымаў часовы ВНЖ на гуманітарных падставах, па астатніх катэгорыях назіраецца зніжэнне.

Самая шматлікая нацыянальная група ўладальнікаў дазволаў на пражыванне ў Літве - украінцы. На 1 верасня колькасць грамадзян гэтай краіны з дзейным дакументам складала 75928 (на 1 жніўня — 75941, 1 ліпеня — 75085, 1 студзеня — 77080).

Са жніўня 2024 года літоўскія працадаўцы, якія жадаюць працаўладкаваць замежнікаў, абавязаны заплаціць дзяржаўную пошліну за хадайніцтвы аб выдачы або абмене часовага віду на жыхарства такіх супрацоўнікаў, а таксама выдачы ім нацыянальнай візы.

17 красавіка Сойм Літвы працягнуў яшчэ на год - да 2 мая 2026-га - законапраект аб нацыянальных санкцыях у дачыненні да грамадзян Беларусі і Расіі, адхіліўшы пры гэтым прапанову кансерватараў зраўняць абмежавальныя меры для беларусаў з тымі, што ўведзены для расіян.

Прапанова ануляваць ім від на жыхарства ў выпадку частых паездак у свае родныя краіны першапачаткова было адхілена, але прынята ў траўні і толькі ў дачыненні да грамадзян РФ.

Разам з тым у ліпені стала вядома, што літоўскія ўлады адмовілі грамадзянцы Беларусі ў працягу ВНЖ з-за частых паездак на радзіму і ранейшай працы сцюардэсай у авіякампаніі «Белавія». Жанчыну прызналі пагрозай нацыянальнай бяспецы.

Беларуска, прозвішча якой не называлася, пераехала ў Літву ў 2022 годзе неўзабаве пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. За мінулы час яна здзейсніла 20 паездак у Беларусь.

Позірк/ав