Беларуская Служба

Жыхары Віцебска з вясны задыхаюцца ад пылу з завода «Даламіт»

22.09.2025 14:56
Улады спрабавалі замаўчаць праблему, аднак зараз яе прызнаюць.
  .
Пыл у паветры. Ілюстрацыйны здымакShutterstock/Maciej Matlak

Сёлета жыхары Віцебска сталі масава скардзіцца на даламітавы пыл з завода «Даламіт». Асабліва востра сітуацыя адчуваецца ў Рубе, дзе, паводле слоў мясцовых, пыл літаральна вісіць у паветры. Людзі скардзяцца на адсутнасць рэальных замераў.

Пасля росту незадаволенасці кіраўніцтва ААТ «Даламіт» паспрабавала супакоіць насельніцтва, арганізаваўшы адкрыты дыялог з жыхарамі мікрараёна і прадстаўнікамі экалагічнага камітэта. Улады спачатку запэўнівалі, што нарматывы выконваюцца, а потым увогуле сталі пагражаць адказнасцю за «дэзынфармацыю». Аднак дзясяткі ролікаў у TikTok вымусілі дзяржаўныя медыя і чыноўнікаў выбраць іншы тон у адносінах да жыхароў Рубы. Дзяржаўная газета ўпершыню сумленна піша, што пылаўтварэнне бачнае візуальна і кіраўніцтва змушана шукаць рашэнні праблемы. Падкрэсліваецца важнасць зніжэння сацыяльнага напружання ў мікрараёне Руба.

Для прадпрыемства гэта – пытанне рэпутацыі. Кіраўніцтва ААТ «Даламіт» запэўніла, што працуе над праблемай і што на прадпрыемстве будуць устаноўленыя фільтры. Аднак гэта адбудзецца не раней за 2026 год.

Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск