Вашынгтон спрабуе закрыць для расійскіх авіякампаній пастаўкі санкцыйных авіядэталяў праз Беларусь. Менавіта гэтым тлумачыцца забарона на палёты «Боінгаў» кампаніі «Белавія» ў Расію, піша выданне Politico, якое цытуе «Еўрарадыё».
Як паведамлялася раней, 11 верасня ў адказ на выхад з-за кратаў 51 вязня ЗША аслабілі санкцыі супраць «Белавіі». Пазней стала вядома, што «Боінгам» беларускай кампаніі забароненыя палёты ў Расію, Паўночную Карэю, Іран, Сірыю і Кубу, а таксама акупаваныя тэрыторыі Украіны – Крым і так званыя ЛНР і ДНР. Таксама нельга перавозіць тавары, якія могуць падтрымліваць расійскую агрэсію супраць Украіны. Акрамя таго, пад санкцыямі застаўся «Боінг», на якім лятае Лукашэнка.
«Белавія» мае 16 самалётаў, дзевяць з іх – «Боінгі».
Як піша Politico, ліст з пералікам абмежаванняў Мінгандлю ЗША накіравала гендырэктару беларускага авіяпрадпрыемства на наступны дзень пасля таго, як адміністрацыя Трампа прыняла пастанову пра зняцце санкцый з «Белавіі».
У беларускай кампаніі на запыт Politico не далі дакладнага адказу, ці будуць спыненыя рэйсы ў Расію і з Расіі. Аднак ужо 15 верасня «Белавія» абвясціла пра 50-адсоткавую зніжку на рэйсы ў Санкт-Пецярбург. Беларускі перавозчык не ўдакладніў, ці будуць у гэтых рэйсах выкарыстоўвацца «Боінгі».
Дарэчы, пасля зняцця санкцый з «Белавіі» Расія папрасіла ІКАО зняць санкцыі з расійскіх авіяперавозчыкаў, уведзеныя пасля пачатку шырокамаштабнай агрэсіі супраць Украіны.
вс