Пасля завяршэння вучэнняў «Захад-2025» расійскія войскі вярнуліся на тэрыторыю РФ, заявіў спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка 22 верасня ў эфіры тэлемарафона. Пра гэта паведамляе «Позірк».
Паводле яго слоў, якія прыводзіць партал nv.ua, пасля завяршэння актыўнай фазы манеўраў, якія праходзілі 12–16 верасня, расійскія войскі «пачалі фармаваць калоны для вяртання на тэрыторыю Расіі» і на гэты час «цалкам пакінулі Беларусь».
Дземчанка адзначыў, што падчас вучэнняў і пасля іх актыўнасць ля ўкраінскай мяжы зафіксаваная не была.
Разам з тым ён падкрэсліў, што мяжа з Беларуссю застаецца для Украіны прыярытэтным кірункам у плане бяспекі – «на ўзроўні мяжы з Расіяй і лініі фронту».
21 верасня Міністэрства абароны Беларусі паведаміла, што расійскія вайскоўцы, якія бралі ўдзел у сумесных стратэгічных вучэннях «Захад-2025», пакінулі тэрыторыю Беларусі.
Беларуска-расійскія стратэгічныя вучэнні «Захад-2025» праходзілі 12–16 верасня на палігонах абедзвюх краін, а таксама ў акваторыях Балтыйскага і Барэнцава мораў.
«Знакавымі мерапрыемствамі» начальнік Генеральнага штаба Павел Муравейка назваў «планаванне і разгляд выкарыстання нестратэгічнай ядзернай зброі», а таксама «ацэнку і разгортванне ракетнага рухомага комплексу «Арэшнік».
15 верасня міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін заяўляў, што ў вучэннях «Захад-2025» удзельнічае 6 тыс. беларускіх вайскоўцаў і 1 тыс. расіян.
вс