Беларуская Служба

Анжаліцы Борыс дазволілі наведаць Анджэя Пачобута ў наваполацкай калоніі

23.09.2025 16:33
Анжаліцы Борыс дазволілі наведаць Анджэя Пачобута ў наваполацкай калоніі
Анджэй Пачобутtwitter.com/Latushka

Кіраўніца Саюза палякаў у Беларусі Анжаліка Борыс паведаміла ў Facebook, што ад свайго ўласнага імя і імя Саюза палякаў напісала просьбу аб вызваленні журналіста Анджэя Пачобута на імя Лукашэнкі. 

Борыс дазволілі сустрэцца з Пачобутам і яна сёння ездзіла дзеля гэтага ў калонію ў Наваполацку.

«Анджэй перадае цёплыя прывітанні ўсім, як сябрам, так і незнаёмым. Ён адчувае сябе добра псіхічна і прымае лекі. Ён дзякуе ўсім за тое, што памятаюць пра яго. Ён сказаў, што Бог накіруе шлях кожнага», — гаворыцца ў паведамленні Борыс.

Таксама Пачобут выказаўся пра Аб'яднанне палякаў у Беларусі, якое мусіць дзейнічаць не для канфрантацыі, а для захавання і развіцця польскасці.

Сёння прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск паведаміў на паседжанні ўраду пра адкрыццё мяжы з Беларуссю. Польска-беларускія памежныя пераходы былі закрытыя з-за расійска-беларускіх ваенных вучэнняў «Захад-2025». Мяжу адкрыюць у ноч з серады на чацвер – з 24 на 25 верасня.

вх