Камісія, сфарміраваная BYSOL, правяла разбіральніцтва, зафіксаваўшы 12 кейсаў харассмента, уключаючы адпраўку непажаданых паведамленняў і злоўжыванне службовым становішчам з боку Андрэя Стрыжака. Камісія рэкамендавала поўнае спыненне супрацоўніцтва з Андрэем і перадачу заснавання Фонду BYSOL.
Пасля абвяшчэння вынікаў Андрэй Стрыжак, як заснавальнік, прадставіў камандзе водгук на рашэнне камісіі, у якім заявіў, што не прымае яго і лічыць несправядлівым, празмерным і непрапарцыйным як па сутнасці, так і па працэдуры. Акрамя таго, Андрэй агучыў асабістыя абавязацельствы, накіраваныя на ліквідацыю нанесенай шкоды.
Далей было праведзена таемнае галасаванне ў камандзе BYSOL (без удзелу Андрэя Стрыжака), па выніках якога большасць выказалася за працяг супрацоўніцтва з Андрэем, але ў абмежаваным фармаце.
Пасля галасавання каманды было агучана рашэнне дырэктарата, якое таксама не было прынятае заснавальнікам.
Пасля серыі абмеркаванняў прынята кампраміснае рашэнне:
- Супрацоўніцтва са Стрыжаком працягваецца на часовай аснове да 19 сакавіка 2026 года.
- Ён цалкам адхілены ад любых кіруючых, прадстаўнічых і заснавальніцкіх функцый у BYSOL – фармальна і нефармальна.
- Заснаванне перадаецца дырэктару Віталіусу Моцкусу, працэс перадачы павінен быць ініцыяваны да 25 верасня 2025 года.
- Усе публічныя заявы Стрыжака не з'яўляюцца афіцыйнай пазіцыяй Фонду.
- Пасля заканчэння шасцімесячнага тэрміну будзе праведзена ацэнка супрацоўніцтва і прынята рашэнне аб далейшым прадаўжэнні і фармаце работы.
- Мы пачынаем унутраную рэформу кіравання арганізацыяй і працягваем сваю дзейнасць.
Па стане на 23.09.2025 аб сваім рашэнні пакінуць каманду заявілі трое супрацоўнікаў.
BYSOL/ав