Беларуская Служба

Пад ціскам мужа Святлана Ціханоўская адмяніла інтэрв'ю CNN

24.09.2025 15:01
«Гэта не той канал, які патрэбны. Гэта ж не Fox News. Fox News – вось гэта канал, які глядзіць Дональд Трамп», – пераконваў былы палітвязень.
          -
Святлана і Сяргей Ціханоўскія правялі сустрэчу з беларускай дыяспарай у Нью-ЁркуСкрын відэа: stranazhizni / YouTube

Святлана і Сяргей Ціханоўскія правялі сустрэчу з беларускай дыяспарай у Нью-Ёрку. Размова закранула, між іншым, такія пытанні, як стратэгія перамен і роля саміх беларусаў замежжа, паведамляе «Наша Ніва».

Цэнтральнай тэмай сустрэчы стала вызваленне палітвязняў. Сяргей Ціханоўскі ўзняў пытанне аб перамовах наконт вызвалення 1300 беларусаў, якія вядзе адміністрацыя Дональда Трампа. Святлана Ціханоўская пацвердзіла, што гэта прыярытэт нумар адзін, і выказала ўдзячнасць амерыканскаму боку за намаганні.

«Наша задача, канечне, каб былі вызваленыя ўсе. І лічба не 1300 людзей, а нашмат-нашмат больш», – падкрэсліла яна.

Ціханоўская дадала, што яе Офіс знаходзіцца ў пастаянным кантакце з Дзярждэпартаментам ЗША, на палях канферэнцыі яна мела сустрэчу з генералам Кітам Келагам. Пры гэтым Ціханоўская адзначыла, што дэталі перамоваў не могуць быць агучаны, бо «пэўная інфармацыя патрабуе цішыні, каб не сарваць здзелку».

Кульмінацыяй сустрэчы стаў напружаны момант, калі памочнікі паспрабавалі забраць Святлану на тэрміновае інтэрвʼю для тэлеканала CNN. Сяргей рэзка выступіў супраць, заявіўшы, што сустрэча з людзьмі важнейшая. Пры гэтым ёй дадаў, што сама сустрэча пераносілася тры разы з ініцыятывы Офіса, а некаторыя ўдзельнікі прыляцелі на сустрэчу з іншых штатаў, у прыватнасці, з Маямі.

«Я думаю, што нам трэба паразмаўляць з беларусамі, як запланавана, на працягу гадзіны, і не сыходзіць адсюль на інтэрвʼю на CNN. Гэта не той канал, які патрэбны. Гэта ж не Fox News. Fox News – вось гэта канал, які глядзіць Дональд Трамп, і яму будзе прыемна ўбачыць Святлану Георгіеўну на Fox News і вызваліць нашых хлопцаў. А калі ён убачыць яе на CNN, то мне здаецца, што будзе адваротны эфект. Акрамя таго, у нас гэтая сустрэча задоўга была запланаваная, і я лічу, што брыдка, няправільна будзе кінуць беларусаў тут і пайсці на CNN, сябры. Гэта маё меркаванне», – заявіў Ціханоўскі.

«Гэта робіць усё вось грамадзянін Франак (Ціханоўскі паказаў па дарадцу Святланы Франака Вячорку – НН). Яму трэба пабольш інтэрвʼю, пабольш івэнтаў і гэтак далей. (…) Я настойваю, каб вы засталіся тут, і мы правялі івэнт паводле плану», – дадаў Сяргей Ціханоўскі.

Падчас сустрэчы былі ўзнятыя надзённыя праблемы, з якімі сутыкаюцца беларусы ў ЗША, у прыватнасці, пагроза дэпартацыі.

Святлана Ціханоўская адказала, што яе Офіс аказвае юрыдычную і палітычную дапамогу людзям, якія знаходзяцца на мяжы дэпартацыі. Яна патлумачыла, што яны прагаворваюць гэтую праблему на палітычным узроўні, але сітуацыя ўскладняецца зменамі ў міграцыйным заканадаўстве ЗША.

Далей дыскусія перайшла да пытання аб ролі і актыўнасці самой дыяспары. Тут Сяргей Ціханоўскі раскрытыкаваў пасіўнасць беларусаў у ЗША.

«А беларусам у ЗША я рэкамендую: знайдзіце сабе прадстаўніка, які будзе вырашаць вашыя пытанні. Ва ўсіх краін, ва ўсіх дыяспар, нават у кожным штаце ёсць. А вы не можаце на ўсё ЗША аднаго такога чалавека знайсці, скінуцца», – сказа ён.

аз

Іміграцыйная і мытная служба ЗША затрымала не менш за дзевяць беларусаў пасля выкліку на праверку

18.09.2025 17:15
Асацыяцыя беларусаў у Амерыцы папярэджвае з чым звязанае змяшчэнне ў дэтэншн, і як да гэтага падрыхтавацца.