Беларуская Служба

«Мы занадта часта разыходзімся ў меркаваннях з атачэннем Святланы. Гэта праблема»

25.09.2025 12:45
Сяргей Ціханоўскі апублікаваў адкрыты ліст, пасля ўчарашняй сустрэчы з беларусамі ў Нью-Ёрку.
          -
Святлана і Сяргей Ціханоўскія правялі сустрэчу з беларускай дыяспарай у Нью-ЁркуСкрын відэа: stranazhizni / YouTube

Пасля сустрэчы з беларусамі, якая адбылася 24 верасня ў Нью-Ёрку, у якой удзельнічалі Святлана і Сяргей Ціханоўскія, і якая выклікала розгалас у сацыяльных сетках, Сяргей Ціханоўскі апублікаваў на сваім канале «Краіна для жыцця» адкрыты ліст, у якім патлумачыў спрэчку ў жывым эфіры.

Нагадваем, былы палітвязень націскаў, на Святлану Ціханоўскую, каб яна адмовілася ад запланаванага на гэты дзень інтэрв’ю тэлеканалу CNN і працягнула сустрэчу з беларусамі. Ён падкрэсліў тады, што згаданая сустрэча пераносілася тры разы з ініцыятывы Офіса.

У сваім лісце Ціханоўскі запэўніў, што ён вельмі паважліва ставіцца да сваёй жонкі і да яе намаганняў.

«Мая грубасць учора выяўлялася не столькі ў думках, колькі ў інтанацыі. Ведаю за сабой гэты грэх. Гэтая ж прамалінейная інтанацыя была маім галоўным палітычным інструментам у 2020 годзе», – напісаў Ціханоўскі.
Ён таксама прызнаў, што злаваўся на тое, што яго «спрабуюць выкарыстоўваць» – «не кажуць ні пра мэты, ні пра расклад сустрэч і інтэрв’ю».

«Я сапраўды хацеў паўтары гадзіны пабыць разам з беларусамі і Святланай. Пра інтэрв’ю на CNN мяне паставілі перад фактам за 20 хвілін да стрыму. Яно было непрадбачаным, нязначным, а можа і шкодным у дадзеным палітычным кантэксце. Такое інтэрв’ю дакладна не трэба было прызначаць на той жа час, што і даўно запланаваную сустрэчу з дыяспарай», – лічыць Ціханоўскі.

«Мы занадта часта разыходзімся ў меркаваннях з атачэннем Святланы. Гэта праблема. Я ўсведамляю, што павінен вырашыць гэтую праблему з мінімальнымі выдаткамі для нашай агульнай справы», – завяршыў свой ліст Сяргей Ціханоўскі.

аз

Пад ціскам мужа Святлана Ціханоўская адмяніла інтэрв'ю CNN

24.09.2025 15:01
«Гэта не той канал, які патрэбны. Гэта ж не Fox News. Fox News – вось гэта канал, які глядзіць Дональд Трамп», – пераконваў былы палітвязень.