Беларуская цэментная кампанія – Polska sp. z o.o. па хадайніцтве кіраўніка KAS (Нацыянальная падатковая адміністрацыя Польшчы) была ўнесена ў польскі санкцыйны спіс міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі. Кампанія, зарэгістраваная ў Польшчы, мае сувязі з беларускім холдынгам. Гэта ўжо 24-ы суб’ект у санкцыйным спісе МУСіА.
Прэс-сакратар кіраўніка KAS старшы аспірант Юстына Пасечыньска (Justyna Pasieczyńska) паведаміла, што кампанія звязаная з беларускім холдынгам Беларуская цэментная кампанія з офісам у Мінску. Яе статутны капітал складае 43 тыс. злотых, а адзіным удзельнікам з’яўляецца Рэспубліканскае вытворча-гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства, якое кіруе холдынгам Беларуская цэментная кампанія з офісам у Мінску.
Пасечыньска падкрэсліла, што рэальным бенефіцыярам створанай у Польшчы кампаніі з’яўляецца грамадзянін Беларусі, які таксама з’яўляецца дырэктарам беларускага прадпрыемства.
— Паводле інфармацыі ў СМІ, холдынг Беларускай цэментнай кампаніі — гэта не толькі буйное дзяржаўнае прадпрыемства, але цэлая галіна, якая аб’ядноўвае больш за 20 прадпрыемстваў і налічвае больш за 8 тыс. работнікаў, — дадала яна.
Акрамя цэменту, заводы, што ўваходзяць у склад групы, вырабляюць жалезабетонныя вырабы, сілікатную цэглу, блокі з газабетону, сухія будаўнічыя сумесі, крэйду, вапну і друз для цеплаізаляцыі.
У ліпені кіраўнік KAS унёс беларускі холдынг у нацыянальны санкцыйны спіс. Раней, у снежні 2023 г., ён быў унесены ў амерыканскі санкцыйны спіс. Прычынай стала пашырэнне гандлёвага супрацоўніцтва холдынгу з Расійскай Федэрацыяй.
— Суб’ект цесна супрацоўнічае і пастаянна развівае ўзаемадзеянне з іншымі структурамі з Расійскай Федэрацыі, пастаўляючы тавары, якія істотна спрыяюць паляпшэнню функцыянавання эканомікі, арыентаванай на ваенна-прамысловы комплекс. Такія дзеянні прыводзяць да павелічэння вайсковага патэнцыялу з мэтай працягнення агрэсіі супраць Украіны, — адзначыла Пасечыньска.
Яна дадала, што ўнясенне ў санкцыйны спіс з’яўляецца вынікам дзеянняў KAS, звязаных з праверкай сувязяў асоб ці суб’ектаў з РФ або Беларуссю, якія могуць уплываць на бяспеку Польшчы.
Унясенне ў польскі санкцыйны спіс азначае замарожванне ўсіх фінансавых сродкаў і эканамічных рэсурсаў, забарону на прадастаўленне ўказаным асобам або суб’ектам любых фінансавых сродкаў або эканамічных рэсурсаў, выключэнне з удзелу ў працэдурах дзяржаўных закупак або конкурсах, а таксама ўнясенне ў спіс замежнікаў, прабыванне якіх на тэрыторыі Польшчы прызнана непажаданым.
PAP/нг