Беларуская Служба

Улады Беларусі хочуць гераізаваць удзельнікаў паходу Чырвонай арміі ў Польшчу 1939 года

26.09.2025 12:40
У чэрвені 2021 года ўказам Лукашэнкі было ўстаноўленае свята Дзень народнага адзінства, якое адзначаецца ў гадавіны нападу СССР на Польшчы.
Дзяржаўны сцяг Беларусі1966666/pixabay.com/CC0 Public Domain

Беларускія ўлады маюць намер гераізаваць удзельнікаў паходу Чырвонай арміі ў Польшчу ў верасні 1939 года, вынікае з заяў кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Дзмітрыя Крутога на паседжанні Рэспубліканскага савета па гістарычнай палітыцы пры гэтым органе ўлады 25 верасня ў Мінску, паведамляе «Позірк».



«Калі казаць пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, там нашы героі адлюстраваны нядрэнна. <…> А вось пра герояў, дапусцім, вызваленчага паходу Чырвонай арміі 1939 года гавораць менш. Як і пра астатнія перыяды і эпохі. Характарыстыка гэтага пантэона герояў павінна быць максімальна аб’ектыўнай», – цытуюць чыноўніка дзяржСМІ.

Круты згадаў, што пасяджэнне прысвечана «тым задачам, якія паставіў прэзідэнт на сустрэчы з ідэалагічным актывам, гістарычнай і экспертнай супольнасцю» 17 верасня.

«Прыводзіўся і такі жывы прыклад, як Дзень народнага адзінства, як гісторыя гэтага свята падаецца ў польскіх і беларускіх СМІ, – заявіў Круты. – У гэтых адносінах, як сказаў прэзідэнт, мы перамаглі. Нашы матэрыялы былі больш глыбокімі, падмацаванымі адпаведнай фактурай. Кіраўнік дзяржавы сказаў, што гэта элемент інфармацыйнай барацьбы, які цяпер нам неабходны».

На згаданай сустрэчы Лукашэнка запатрабаваў падкрэсліць у школьных падручніках факты прыгнёту беларусаў у Польшчы да 1939 года, раскрытыкаваў «фэйкі пра пакты і змовы», маючы на ўвазе папярэдні ўводу савецкіх войскаў дамову аб ненападзе паміж СССР і нацысцкай Германіяй (пакт Молатава – Рыбентропа), а таксама абмеркаваў «пантэон нацыянальных герояў», з акцэнтам на тое, «хто герой, хто вораг».



Дзень народнага адзінства – дзяржаўнае свята, якое адзначаецца 17 верасня. Заснаваны ўказам Аляксандра Лукашэнкі ў чэрвені 2021 года і прымеркаваны да гадавіны польскага паходу Чырвонай арміі ў 1939 годзе, паводле вынікаў якога Заходняя Беларусь была далучана да БССР. Тэрыторыя адышла Польшчы па Рыжскай мірнай дамове ад 18 сакавіка 1921 года, якая завяршыла двухгадовую савецка-польскую вайну.

Паход быў узгоднены з нацысцкай Германіяй, якая атакавала Польшчу 1 верасня і распачала тым самым Другую сусветную вайну – паводле пакта Молатава – Рыбентропа ад 23 жніўня, які ўводзіў раздзел сфер уплыву.

Установу свята раскрытыкавалі афіцыйная Варшава і беларускія дэмсілы.

Беларускія ўлады ў сувязі з датай традыцыйна праводзяць прапагандысцкую кампанію ў падкантрольных СМІ і дзяржарганізацыях.

аз

Спробы прыручыць Беларусь не прынясуць вынікаў – эксперт

15.09.2025 12:01
Беларусь толькі прыкідваецца, што мае добрую волю, перасцерагае Павел Коваль.

Закрыццё мяжы з Беларуссю – адна з тэм, якая абмяркоўваецца падчас візіту кіраўніка кітайскай дыпламатыі ў Польшчу

15.09.2025 15:00
Гэта важная тэма як з пункту гледжання бяспекі, так і гандлю, падкрэсліў кіраўнік польскай дыпламатыі Радаслаў Сікорскі.

«Акт аднаўлення гістарычнай справядлівасці», – так беларускі дыктатар ацэньвае савецкую агрэсію супраць Польшчы ў 1939 годзе

17.09.2025 10:24
З 2021 года 17 верасня ў Беларусі адзначаецца Дзень народнага адзінства, якое грунтуецца на антыпольскай прапагандзе.