Беларуская Служба

Вольга Зазулінская: палітвязням трэба, каб іх ведалі і памяталі як мага больш людзей

28.09.2025 15:05
Прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі выступіла на адкрыцці другога дня ІІ Кангрэса па палітвязнях у Беларусі #WithoutJustCause.
Вольга Зазулінскаяhttps://t.me/CabinetBelarus

Звяртаючыся да ўдзельнікаў, Вольга Зазулінская адзначыла агульную місію: падтрымка палітвязняў і іх сем’яў, барацьба за вызваленне.

«Тэма палітвязняў — гэта сотні чалавечых лёсаў. Людзі знаходзяцца за кратамі выключна за жаданне пераменаў, свабоды і справядлівасці. Сем’і пакутуюць: дзеці без бацькоў, бацькі без дзяцей», — сказала Зазулінская.

Займаючыся тэмай 5 гадоў, яна зразумела: палітвязням патрэбна не толькі адвакацыя, але і памяць: «Іх імёны павінны гучаць, гісторыі — станавіцца часткай міжнароднай размовы. Менавіта вы робіце гэта магчымым».

Зазулінская падкрэсліла, што абапіраецца на гэтую працу ў супрацы з міжнароднымі арганізацыямі, еўрапейскімі і амерыканскімі партнёрамі, кааліцыяй краін. Гісторыі і сведчанні ствараюць сілу салідарнасці. Барацьба не хуткая: «Часам цішыня моцная, але мы маем супольнасць, падтрымку і досвед, якога няма ў рэжыму».

«Пакуль хоць адзін палітвязень за кратамі, задача не выкананая. Разам набліжаем іх свабоду», — заявіла яна.


Вольга Зазулінская падзякавала ўсім чальцам супольнасці дапамогі за стойкасць і чалавечнасць: без вас немагчыма падтрымліваць палітвязняў і іх сем’і і гаварыць пра іх на міжнародным узроўні.

«Разам зробім немагчымае: у нас сіла праўды, салідарнасці і вера ў свабоду!», — падсумавала прадстаўніца  Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі.

Крыніца: Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі/юл