Беларуская Служба

У Пачобута арытмія, гіпертанія, ён перанёс аперацыю – Анжаліка Борыс

02.10.2025 12:41
У лютым 2023 года суд прыгаварыў журналіста і актывіста неафіцыйнага Саюза палякаў Анджэя Пачобута да 8 гадоў пазбаўлення свабоды ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. 
Анджэй Пачобутtwitter.com/Latushka

Пра сур’ёзныя праблемы са здароўем палітвязня Анджэя Пачобута паведаміла старшыня неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі (СПБ) Анжаліка Борыс у інтэрв’ю выданню Newsweek.

Паводле яе слоў, у Пачобута гіпертанія і арытмія. У верасні яму зрабілі аперацыю на скуры ў турэмным шпіталі, інфармуе «Позірк».

«(Падчас нашай сустрэчы 23 верасня) ён распавёў мне, што нават набраў вагу за тыдзень, праведзеную ў турэмным шпіталі. Што тычыцца вачэй, ён мне нічога не сказаў, таму мне складана сказаць. Зрэшты, агульнавядома, што ў калоніі зрок пагаршаецца ва ўсіх. Я спытала Анджэя, ці трэба яму што-небудзь, адправіць яму лекі. Ён адказаў, што не, ён атрымлівае лекі», – сказала Борыс.

Далей кіраўніца СПБ паўтарыла тое, што паведамляла выданню Rzeczpospolita ў верасні. Яна тады заявіла, што вядзе перамовы аб вызваленні Пачобута «як з польскім, так і з беларускім бокам».

У прыватнасці, паводле слоў Борыс, з просьбай аб вызваленні палітвязня яна звярнулася да Аляксандра Лукашэнкі.

Адказваючы на пытанне, чаму жонцы Пачобута ўлады не дазваляюць бачыцца з ім, а Борыс 23 верасня ўжо другі раз наведала палітвязня ў калоніі №1 горада Наваполацка (Віцебская вобласць), кіраўнік СПБ сказала: «Не ведаю. Магчыма, гэта таму, што за мной стаіць арганізацыя з тысяч чалавек. Я стараюся падтрымліваць хоць нейкую сувязь з Анджэем. Я не хачу нікога падвяргаць небяспецы. Я хачу дапамагаць, а не шкодзіць. І я радая, што ні Польшча, ні Беларусь не пацярпелі праз маю дзейнасць».

Борыс падкрэсліла, што польская меншасць у Беларусі «не займаецца палітыкай», не хоча «ніякай канфрантацыі».

Адказваючы на пытанне, ці заключыла яна здзелку з рэжымам Лукашэнкі, Борыс адзначыла: «Я не заключала ніякіх здзелак і не падпісвала ніякіх пагадненняў. Знаходзячыся ў турме, я ні на каго не даносіла».

Кіраўніца СПБ таксама паведаміла, што 23 верасня тэма гатоўнасці Пачобута пакінуць Беларусь у выпадку вызвалення не абмяркоўвалася. У жніўні 2024 года Барыс сцвярджала, што журналіст пагадзіўся пакінуць Беларусь у выпадку вызвалення.

8 лютага 2023 года Гродзенскі абласны суд прыгаварыў журналіста і актывіста неафіцыйнага Саюза палякаў Пачобута да 8 гадоў пазбаўлення свабоды ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Суддзя Дзмітрый Бубенчык прызнаў яго вінаватым паводле ч. 3 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы) і ч. 3 арт. 361 (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы) Крымінальнага кодэкса.

Пасля рашэння суда, 10 лютага 2023 года, Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных тады для падарожнікаў пунктаў пропуску – Баброўнікі (з беларускага боку Бераставіца).

вс