Беларуская Служба

Беларускі біскуп папу рымскаму: Мы ўсе стомленыя вайной паміж нашымі суседзямі

02.10.2025 19:03
« (...) Мы ўсе стомлены вайной паміж нашымі суседзямі, а ваш прыезд у Беларусь будзе знакам супакою і надзеі»
   XIV
Папа рымскі Леў XIV PAP/EPA/VATICAN MEDIA HANDOUT

Дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска запрасіў папу рымскага Льва XIV наведаць Беларусь 1 кастрычніка падчас аўдыенцыі на плошчы св. Пятра ў Ватыкане, паведамляецца на старонцы беларускага іерарха ў «Інстаграме».

«Наш Касцёл марыць і моліцца, каб ваш візіт у нашую краіну стаў магчымым. Мы ўсе стомлены вайной паміж нашымі суседзямі, а ваш прыезд у Беларусь будзе знакам супакою і надзеі», – перадаў ён свае словы (арфаграфія захавана).

Пасля аўдыенцыі біскупы, якія ў ёй удзельнічалі, па чарзе падыходзілі да пантыфіка, каб прывітаць яго, размова доўжылася каля 15 секунд, паведамляе праект «Katolik.life. Неафіцыйнае».

8 мая Лукашэнка павіншаваў Льва XIV з абраннем папам рымскім і запрасіў яго ў Беларусь. Фактычна кіраўнік Святога Пасада не можа прыехаць праз негалоснае правіла: папа не наведвае краіны, дзе дамінуе іншая канфесія або рэлігія, без згоды адпаведнага рэлігійнага лідара. У выпадку Беларусі, якая лічыцца краінай з праваслаўнай большасцю, гаворка пра патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла (Гундзяева), заўважае «Позірк».

Як паведамляў партал Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі 22 мая, старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі (ККББ), мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі перадаў папу Льву XIV афіцыйнае запрашэнне наведаць беларускую зямлю.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года адносіны дзяржавы і касцёла ў Беларусі ўскладніліся ў сувязі з тым, што многія каталіцкія іерархі і вернікі адкрыта выступілі супраць хвалі гвалту і рэпрэсій, якія рушылі за масавымі пратэстамі супраць фальсіфікацыі вынікаў галасавання на карысць Лукашэнкі.

вс