Беларуская Служба

У Польшчы замарозілі тэрміны разгляду спраў беларусаў па міжнароднай абароне

06.10.2025 12:44
«Гэта азначае, што калі ваша справа ўжо разглядаецца, тэрмін «замарожваецца» і не працягваецца да 4 сакавіка 2026 года. Калі вы падалі новую заяву — адлік тэрмінаў пачнецца толькі пасля названай даты», — тлумачаць у «Партызанцы».
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.geralt/pixabay.com/CC0 Public Domain

У Польшчы на паўгода прыпынілі тэрміны разгляду заяў на прадастаўленне міжнароднай абароны, якія знаходзяцца на разглядзе Упраўлення па справах замежнікаў. Паведамяле euroradio, спасылаючыся на ініцыятыву «Партызанка», якая аказвае юрыдычную дапамогу палітычным эмігрантам з Беларусі ў Польшчы.

Гэтая норма звязаная з тым, што набылі моц змяненні ў закон ад 12 сакавіка 2022 года «Аб дапамозе грамадзянам Украіны ў сувязі з узброеным канфліктам на тэрыторыі гэтай дзяржавы». Хаця закон адзначае толькі грамадзян Украіны, насамрэч ён закранае ўсіх замежнікаў, якія просяць у Польшчы міжнароднай абароны.

«Гэта азначае, што калі ваша справа ўжо разглядаецца, тэрмін «замарожваецца» і не працягваецца да 4 сакавіка 2026 года. Калі вы падалі новую заяву — адлік тэрмінаў пачнецца толькі пасля названай даты», — тлумачаць у «Партызанцы».

Пры гэтым заяўнікі захоўваюць легальны статус і ўсе правы, звязаныя з падачай заявы, адзначаюць у ініцыятыве. «Скаргі на зацягванне разгляду да 4 сакавіка 2026 года не будуць мець юрыдычнага эфекту. Калі вы чакаеце рашэння па міжнароднай абароне, важна памятаць: ваш працэс не спынены, а толькі падлік тэрміну яго разгляду прыпынены», — кажуць у «Партызанцы».

Разгляд заяваў павінны аднавіць пасля 4 сакавіка 2026 года.

эж