Беларуская Служба

Новы канфлікт вакол «Пагоні». Літоўцы вінавацяць беларускі футбольны клуб у крадзяжы іх сімволікі

11.10.2025 09:03
Літоўскія актывісты заўважылі, што лагатып клуба «Пагоня», які першым з беларускіх каманд згуляе ў чэмпіянаце Польшчы, амаль ідэнтычны з эмблемай зборнай Літвы па футболе. Літоўская федэрацыя футболу назвала гэта крадзяжом.
         -- .
Лагатып беларускага футбольнага клуба «Пагоня» з Варшавы на нацыянальным бела-чырвона-белым сцягу. Фота: сацсеткі клуба

Цяпер беларускі клуб, каб не распальваць канфлікт, шукае новы лагатып, піша «Наша ніва».

Падабенства сімволікі дзвюх каманд заўважыў літоўскі актывіст і блогер Жыльвінас Світоюс, які ў апошнія часы стаў вядомы праз свае выказванні супраць «ліцвінізму».

У поле зроку лагатып беларускай каманды трапіў, відаць, пасля навіны пра тое, што «Пагоня» праз два гады намаганняў сталася першай беларускай футбольнай камандай, якая атрымала дазвол на ўдзел у восьмым дывізіёне чэмпіянату па футболе Польшчы.

Світоюс прыклаў выявы двух лагатыпаў для параўнання, назваўшы гэта крадзяжом, «не першым і не апошнім» з беларускага боку і паіранізаваўшы, што гэта ўсё для найхутчэйшай інтэграцыі і, можа, ужо цяпер варта назвацца ЛітБелам.


. .

Лагатып зборнай Літвы па футболе і лагатып варшаўскага клуба «Пагоня».

Лагатыпы не ідэнтычныя: у беларускай версіі стылізаваны вершнік, узяты з гістарычнага герба «Пагоня», змешчаны ў поле шчыта і мае больш плаўныя абрысы, таксама адрозніваюцца меч, галава вершніка і крыж на шчыце. Але ў цэлым абодва лагатыпы падобныя да ступені змяшэння, як звычайна гаворыцца ў такіх выпадках, так што плагіят відавочны.

Беларусы ў сацсетках адзначаюць, што не бачаць асаблівай праблемы ў гэтым – яшчэ нядаўна аматарская каманда ўзяла першае, што ім трапілася па запыце ў пошукавіку, трохі адаптаваўшы пад сябе. Іншыя казалі, што каманда паступіла няправільна і трэба змяніць стылістыку лагатыпа, каб не было плагіяту.

Хтосьці меркаваў, што клуб мог выкарыстоўваць эмблему па дамоўленасці з літоўскай камандай, але афіцыйны акаўнт Літоўскай федэрацыі футболу, якую Світоюс папрасіў пракаментаваць сітуацыю, абверг гэта, заявіўшы, што не давалі дазволу на выкарыстанне сваіх лагатыпаў. Федэрацыя прапанавала дасылаць скаргі на профіль клуба «Пагоня» ў фэйсбуку.

Беларуская футбольная каманда падабенства сімволікі прызнала і патлумачыла, як так сталася. У сваёй афіцыйнай заяве яна заявіла, што лагатып быў распрацаваны прафесійным дызайнерам перад удзелам каманды ў розыгрышы Кубка Польшчы ў 2024 годзе.

«Мы атрымалі ўсе неабходныя матэрыялы і дакументы, а дызайнер атрымаў ганарар за сваю працу. Асноўнай ідэяй лагатыпу была спасылка на беларускую традыцыю і нацыянальны сімвал, а не запазычанне чужой эмблемы.

На жаль, тады мы апынуліся ў часавым цэйтноце і не звярнулі ўвагу, што гэты лагатып вельмі нагадвае сімволіку Літоўскай федэрацыі футбола. Мы не мелі намеру пакрыўдзіць літоўскіх заўзятараў футбола, работнікаў і кіраўніцтва федэрацыі», – гаворыцца ў заяве.

Клуб «Пагоня» выказаў шкадаванне, што ў цэнтры ўвагі апынуліся не яе дасягненні, а яе лагатып. У пошуках кампрамісу клуб аб’явіў адкрыты конкурс на стварэнне новага лагатыпу на аснове гістарычнай «Пагоні».

Каманда спадзяецца, што ў хуткім часе і ўжо пад новым лагатыпам зможа правесці таварыскі матч з літоўскай зборнай, які стане сімвалам сяброўства і ўзаемнай павагі.

вх