Беларуская Служба

Беларускі ПЭН атрымаў ганаровую прэмію Фонду міру і культуры імя Эдыты і Іры Морыс у Хірасіме

17.10.2025 11:08
«Для нас гэта не проста ўзнагарода. Гэта – знак салідарнасці і веры ў слова, якое ратуе і зберагае чалавечую годнасць», – сказала на цырымоніі старшыня Беларускага ПЭНу Таццяна Нядбай.
Таццяна Нядбай падчас уручэнняфота: ПЭН

Пісьменніцкая арганізацыя Беларускі ПЭН атрымала ганаровую прэмію Фонду міру і культуры імя Эдыты і Іры Морыс у Хірасіме, якая лічыцца адной з самых паважаных міжнародных узнагарод у галіне міратворчасці праз культуру.

«Уручаючы Хірасімскую прэмію Беларускаму ПЭНу, мы хочам праліць святло на куток Еўропы, які занадта часта замоўчваюць, і прыцягнуць міжнародную ўвагу да іх мужнай працы перад абліччам цэнзуры і пераследу. Нястомнасць арганізацыі ў абароне і папулярызацыі беларускай мовы і культуры супрацьстаіць агрэсіўнай палітыцы русіфікацыі і дае жыццёва важную падтрымку дыяспары, якая імкнецца заставацца звязанай з сваімі культурнымі і моўнымі каранямі», – адзначаецца ў заяве аргкамітэту.

Уручэнне прэміі, якое арганізаваў ПЭН Швецыі, адбылося 15-16 кастрычніка ў Стакгольме.

«Для нас гэта не проста ўзнагарода. Гэта – знак салідарнасці і веры ў слова, якое ратуе і зберагае чалавечую годнасць», – сказала на цырымоніі старшыня Беларускага ПЭНу Таццяна Нядбай.

«Беларусь мае сваю Хірасіму – культурную і чалавечую. У беларускай гісторыі ёсць вельмі няшмат і нядоўгіх перыядаў, калі мы мелі дзяржаву, якая прыхільна ставілася да нашай культуры. Але 2020 год стаў яшчэ адной трагічнай кропкай, калі беларусы абурыліся гвалтам, несправядлівасцю і хлуснёй, а рэжым у адказ запусціў кола рэпрэсій, катаванняў, цэнзуры, турмаў і выгнання. Сёння мы сведчым, што беларуская культура не мае сваёй дзяржавы, якая б ёй апекавалася, абараняла, развівала.

І разам з тым – наша культура, наша слова, наша мова жыве – насуперак знішчэнню», – цытуе Таццяну Нядбай Telegram-канал Беларускага ПЭНу.

Свабода/ав