Беларуская Служба

Кітайскі імпарт беларускага калію ў верасні ўпаў амаль утрая

20.10.2025 13:02
Падчас закрыцця мяжы з боку Польшчы «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі» пісала аб праблемах, якія мог адчуваць «Беларуськалій».
Беларуськалійminskpromstroy.by

КНР працягвае скарачаць імпарт калійных угнаенняў з Беларусі. На гэта ўказваюць свежыя даныя мытнай статыстыкі Кітая. У верасні імпарт хларыду калію ў КНР у вартасным выражэнні вырас на 24% да 265,06 млн долараў, але не за кошт паставак з Беларусі. Імпарт беларускага калію ў вартасным выражэнні ў верасні скараціўся на 64,9% да 30 млн долараў. Трэба адзначыць, што ў параўнанні са жніўнем гэтага года пастаўкі выраслі на 67,8%, паведамляе reform.news.

Пастаўкі з РФ у верасні павялічыліся на 59,6% да 174 млн долараў. Імпарт з Канады вырас на 30,3% да 68,1 млн долараў. Таксама варта адзначыць высокія аб'ёмы закупак у Лаосе, якія ў мінулым месяцы склалі 97,6 млн долараў.

Падчас закрыцця мяжы з боку Польшчы «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі» пісала аб праблемах, якія мог адчуваць «Беларуськалій». Яны былі звязаны з немагчымасцю вяртання пустых кантэйнераў з Еўропы, што ўскладняла прадастаўленне тары для паставак калійнага гіганта.

Па выніках дзевяці месяцаў кітайскі імпарт хларыду калію ў вартасным выражэнні знізіўся на 8,1% да 2,63 млрд долараў. Імпарт беларускага калію ў студзені-верасні ў КНР зменшыўся ў вартасным выражэнні на 34,1% да 441,7 млн долараў, расійскага – вырас на 4,4% да 1 млрд долараў, а канадскага – зменшыўся на 18,8% да 455,7 млн долараў.

Сёлета Кітай таксама актыўна закупляў калійныя ўгнаенні ў Ізраілі (117,2 млн. долараў) і Лаосе (462,9 млн. долараў).

аз