20 кастрычніка Вярхоўны суд пачаў разглядаць крымінальную справу кіраўніка падраздзялення дапаможнай паліцыі часоў нацысцкай акупацыі Аляксандра Ярмольчыка, паведамляе прэс-служба Генеральнай пракуратуры.
Паводле слоў дзяржабвінаваўцы Наталлі Сакаловай, з восені 1941 па 1943 год Ярмольчык «знаходзіўся на тэрыторыі БССР, кіраваў і непасрэдна браў удзел у карных аперацыях, здзейсніў жорсткія забойствы не менш як 247 жыхароў Беларусі, у тым ліку старых, жанчын і дзяцей, то бок людзей, якія не маглі ўчыніць супраціў карнікам».
Пасля «адступлення нямецка-фашысцкіх захопнікаў», адзначыла прадстаўнік Генпракуратуры, Ямольчык жыў на тэрыторыі ФРГ пад імем Альберт Кругер. Памёр Ярмольчык 27 лістапада 1984 года, «не атрымаўшы пакарання за здзейсненае злачынства».
У 1960-х – 1970-х гадах, паводле інфармацыі нагляднага органа, Ярмольчыка «спрабавалі прыцягнуць да крымінальнай адказнасці ў Германіі», але «нямецкая Феміда доўга разглядала гэтую справу». «Завяршыць гэты працэс і аднавіць гістарычную справядлівасць трэба будзе беларускаму правасуддзю», – заявіла ведамства.
Як нагадвае «Позірк», у 2021 годзе быў прыняты закон «Аб генацыдзе беларускага народа» (у красавіку таго ж года была ўзбуджаная крымінальная справа па факце генацыду беларускага народа). Пры гэтым пад беларускім народам «для мэтаў гэтага закона разумеюцца савецкія грамадзяне, якія пражывалі на тэрыторыі Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны і (або) пасляваенны перыяд» (да 31 снежня 1951 года).
За «адмаўленне генацыду беларускага народа» арт. 1302 КК прадугледжвае адказнасць у выглядзе 5 гадоў зняволення, за паўторнае парушэнне закона – ад 3 да 10 гадоў пазбаўлення волі.
17 ліпеня 2023 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон «Аб змене Крымінальна-працэсуальнага кодэкса», які дазваляе пераследваць памерлых у крымінальным парадку.
аз