Беларуская Служба

Андрэй Саннікаў: «Фінляндызацыя» Беларусі — не проста бязглуздзіца, а прарасійская правакацыя

24.10.2025 10:16
Саннікаў падкрэсліў, што сапраўдная незалежнасць Беларусі магчымая толькі ў выпадку далучэння да НАТА.
 .
Андрэй Саннікаў.Фота: Agnieszka Kamińska/PolskieRadio.pl

Былы кандыдат у прэзідэнты, кіраўнік грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў раскрытыкаваў прапанову блогера Сяргея Ціханоўскага аб так званай «фінляндызацыі» Беларусі — ідэі нейтралітэту паміж Еўропай і Расіяй. Падчас выступлення ў Еўрапарламенце Ціханоўскі прапанаваў зрабіць Беларусь «мостам паміж Захадам і Усходам».

У інтэрв’ю сайту Charter97 Саннікаў заявіў, што гэта не проста бязглуздзіца, а прарасійская правакацыя. Ён адзначыў, што падобныя ідэі гучаць ужо некалькі гадоў і з’яўляюцца спробай замацаваць уплыў Расіі на Беларусь. Паводле яго, краіна ўжо фактычна «фінляндызаваная» Пуціным і Лукашэнкам, бо знаходзіцца ў стане поўнай залежнасці ад Масквы.

Саннікаў падкрэсліў, што сапраўдная незалежнасць Беларусі магчымая толькі ў выпадку далучэння да НАТА. Ён адзначыў, што толькі альянс здольны гарантаваць бяспеку, суверэнітэт і дэмакратыю, як гэта паказаў прыклад Фінляндыі і Швецыі, якія пасля пачатку вайны ва Украіне таксама вырашылі ўступіць у НАТА.

Лідар «Еўрапейскай Беларусі» паведаміў, што нядаўна быў выдадзены зборнік «Беларусь у НАТА», у якім эксперты з розных краін аналізуюць магчымасці інтэграцыі краіны ў Паўночнаатлантычны альянс. Ён назваў гэта не фантазіяй, а рэальным планам дзеянняў на будучыню.

Акрамя таго, Саннікаў выказаў падтрымку журналісту і палітвязню Анджэю Пачобуту, які стаў лаўрэатам прэміі Андрэя Сахарава «За свабоду думкі». Паводле яго, Пачобут — адзін з «якараў вольнай Беларусі» і сімвал патрыятызму.

нг