Былыя беларускія палітвязні просяць прэзідэнта ЗША працягваць намаганні для вызвалення астатніх палітычных зняволеных, паведамляе «Радыё Свабода».
Змест ліста былых беларускіх палітвязняў тычыцца агульнага становішча ў Беларусі і апошніх вызваленняў палітвязняў, а таксама патэнцыйных перамоваў наконт наступных.
У лісце аўтары нагадваюць, што 21 чэрвеня і 11 верасня 2025 года ў Беларусі з турмаў былі вызваленыя палітычныя зняволеныя, і гэта адбылося дзякуючы намаганням спецыяльнага прадстаўніка прэзідэнта ЗША Кіта Келага і яго намесніка Джона Коўла.
«Мы глыбока ўдзячныя вам за гэты важны крок і за дар свабоды. Ваша кіраўніцтва ўжо зрабіла магчымымі адчувальныя вынікі – узровень дзеянняў і эфектыўнасці, якога мала хто мог дасягнуць.
Мы пішам вам з глыбокай надзеяй, веруючы, што Злучаныя Штаты, як нязменны прамень дэмакратыі і сапраўднай годнасці, будуць працягваць адстойваць свой аўтарытэтны голас у гэтай тэрміновай справе. З 2024 году больш за 350 чалавек былі вызваленыя датэрмінова шляхам памілавання і дыпламатычнага ўзаемадзеяння. Дзякуючы ўдзелу Злучаных Штатаў больш за 70 чалавек вярнулі сабе свабоду. Гэта выразна паказвае, што шляхі да вызвалення палітычных зняволеных існуюць, і што дыялог і перамовы могуць прынесці відавочныя вынікі».
Аўтары просяць Дональда Трампа не спыняцца і нагадваюць пра тое, што ў турмах у Беларусі застаецца нашмат больш палітычных зняволеных, чым было вызвалена.
«Адначасова мы з павагай заклікаем вас працягваць і ўзмацняць намаганні ў забеспячэнні вызвалення астатніх палітычных зняволеных у Беларусі. Сітуацыя застаецца крытычнай: больш за 1200 чалавек усё яшчэ несправядліва ўтрымліваюцца пад вартай, многія ў нечалавечых умовах. Значная колькасць цярпіць ад цяжкіх захворванняў, а некаторых утрымліваюць у поўнай ізаляцыі ад навакольнага свету. Мы асабліва занепакоеныя тымі, хто цяжка хворы, пажылы, непаўналетні або жыве з інваліднасцю, чыё здароўе і жыццё знаходзяцца пад непасрэднай пагрозай».
Аўтары адзначылі, што кожнае жыццё, вернутае да свабоды, – гэта не толькі асабістая перамога, але і жыццёва важны крок да справядлівасці, чалавечай годнасці і трывалага міру.
Ліст падпісалі былыя палітвязні: Мікалай Дзядок, Ірына Слаўнікава, Юры Зянковіч, Дзмітры Кучук, Кірыла Балахонаў, Галіна Краснянская, Ігар Карней, Дмітрыйс Міхайлаўс, Ларыса Шчыракова, Яўген Меркіс, Павел Падабед, Павел Вінаградаў, Аляксандр Ярашук, Андрэй Крылоў, Глеб Гладкоўскі, Андрэй Сцепанкоў, Віктар Уласенка, Якаў Шафарэнка, Ігар Цяпцееў.
Таксама да ліста Дональду Трампу яго аўтары і падпісанты прыклалі здымкі сустрэчы папярэдняй партыі зняволеных, якую прымусова вывезлі ў Літву.
вх