Маці траіх дзяцей Юлія Лаптановіч выйшла на свабоду. Інфармацыя пра гэта змяшчаецца на сайце Праваабарончага цэнтру «Вясна», паведамляе «Позірк». На партале таксама пазначана, што жанчына пакінула Беларусь.
У ліпені 2022 года Гродзенскі абласны суд прыгаварыў Лаптановіч да 5 гадоў пазбаўлення свабоды паводле шасці артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 366 (гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак), арт. 188 (паклёп), арт. 203 (незаконныя дзеянні ў адносінах да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных), арт. 389 (пагроза ў дачыненні да суддзі або народнага засядацеля).
Пазней Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыйную скаргу на прыгавор і скараціў тэрмін пакарання да 4 гадоў 9 месяцаў зняволення.
Юлія Лаптановіч і яе муж Ігар – пружанскія актывісты, якія выхоўваюць траіх дзяцей.
4 жніўня 2021 года іх асудзілі па «справе аб карагодах» – самай масавай у гісторыі Беларусі крымінальнай справе. 13 верасня 2020 года ў Брэсце ўдзельнікі акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў перакрылі рух транспарту на скрыжаванні бульвараў Касманаўтаў і Шаўчэнкі з праспектам Машэрава, спявалі песні і вадзілі карагоды. Пратэстоўцаў разагналі з дапамогай вадамёта, а неўзабаве распачалі крымінальную справу, якую мясцовыя называюць «карагоднай».
У рамках «справы аб карагодах» Ігара Лаптановіча прыгаварылі да 2,5 года калоніі (выйшаў на свабоду ў чэрвені 2023 года), яго жонку – да 3 гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Беларускія праваабаронцы прызналі іх палітвязнямі.
13 кастрычніка 2021 года дома ў Лаптановіч прайшоў ператрус, жанчыну затрымалі ў рамках новай крымінальнай справы.
У студзені 2025 года стала вядома, што Брэсцкі абласны суд пачаў разглядаць яшчэ адну справу Лаптановіч. Яе абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 3614 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Рашэнне суда невядомае.
вс