Беларуская Служба

Былая палітзняволеная, дэпартаваная з Польшчы ў Літву, апынулася ў нелегальным статусе

29.10.2025 19:39
Наталля Падлеўская ў 2022 годзе выехала з Беларусі, атрымаўшы літоўскую гуманітарную візу.
 .
Наталля Падлеўская.spring96.org

60‑гадовая былая палітзняволеная Наталля Падлеўская, якую Польшча нядаўна перадала Літве ў рамках Дублінскага рэгламента, сутыкнулася з праблемамі, звязанымі з невыкананнем польскімі памежнікамі некаторых фармальнасцяў, піша nashaniva.com са спасылкаю на ініцыятыву Partyzanka. 

У Беларусі ў 2021 годзе Наталлю Падлеўскую пакаралі за «абразу ўладаў» годам турмы і штрафам. Пасля вызвалення ў 2022 годзе яна выехала за межы краіны, атрымаўшы літоўскую гуманітарную візу. На тэрыторыі Літвы Наталля падала дакументы памежнікам і атрымала ад іх адзнаку пра ўезд.

Пасля таго жанчына выехала ў Польшчу, дзе жыве яе сям’я, прытым дачка — нават з польскім грамадзянствам.

Але там адмовілася разглядаць яе просьбу аб міжнароднай абароне, паколькі лічыцца, што справа павінна разглядацца ў першай краіне ЕС, у якой жанчына атрымала візу. І хоць суд у Польшчы пастанавіў, што справу трэба разглядаць менавіта тут, за дзень да суда польскія памежнікі ўжо паспелі выправіць Наталлю Падлеўскую ў Літву.

Але ў Літве Наталлі Падлеўскай патэлефанавала супрацоўніца літоўскай міграцыі і паведаміла, што Наталля знаходзіцца ў Літве нелегальна і можа быць дэпартаваная ў Беларусь.

Цяпер жанчына не можа вярнуцца ў Польшчу, бо не мае дакументаў, якія давалі б на гэта права. 

Цяпер праваабаронцы шукаюць магчымасці, каб вярнуць жанчыну ў Польшчу, але заканадаўчых дакладна прапісаных механізмаў для такой сітуацыі пакуль няма.

вх