Праваабаронцы «Вясны» прызналі палітвязнямі яшчэ пяць чалавек.
Гэта Алег Кульпановіч, які пакараны адным годам пазбаўлення свабоды па абвінавачанні ў абразе Аляксандра Лукашэнкі; Васіль Краўчук – за абразу прадстаўніка ўлады; Сяргей Лысенка асуджаны за «заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь», да пазбаўлення свабоды ў калоніі; Аркадзь Кайчурэнка прыгавораны за каментары ў Інтэрнэце да пяці гадоў калоніі; Уладзімір Кушнер асуджаны за абразу Аляксандра Лукашэнкі і каментары пра вайну ва Украіне да двух гадоў пазбаўлення свабоды.
«Вясна» паведамляе, што з пачатку верасня палітвязнямі былі прызнаныя ажно 155 чалавек. На 30 кастрычніка ў Беларусі – мінімум 1 тыс. 242 чалавекі, якія ўтрымліваюцца за кратамі па палітычных прычынах.
«Агулам жа праваабаронцам вядома пра больш за 7 тыс. фігурантаў крымінальных палітычных справаў з 2020 года. Відавочна, што гэта далёка не ўсе людзі, якія сутыкнуліся з палітычным пераследам у Беларусі за апошнія гады», – адзначаюць праваабаронцы.
вс