Беларуская Служба

Новая Зеландыя ўвяла санкцыі супраць «Белнафтахіма» і «Нафтана»

31.10.2025 17:04
Урад Новай Зеландыі сцвярджае, што гэтыя прадпрыемствы з’яўляюцца часткай глабальнай сеткі, якая падтрымлівае расійскую нафтавую індустрыю і падрывае міжнародныя намаганні па абмежаванні фінансавання агрэсіі.
«Нафтан»Фота: naftan.by

Новая Зеландыя ўвяла новы пакет санкцый супраць кампаній і асоб, якія ўдзельнічаюць у гандлі расійскай нафтай. Як заявіў міністр замежных спраў Уінстан Пітэрс, абмежаванні закранаюць 65 суднаў «ценявога флоту», што перавозяць расійскую нафту — адзін з галоўных фінансавых рэсурсаў вайны супраць Украіны, — паведамляе reform.news

Пад санкцыі трапілі і структуры з іншых краін, якія садзейнічаюць гэтым пастаўкам. Сярод іх — беларускія прадпрыемствы «Белнафтахім» і «Нафтан», а таксама кампаніі і асобы з Ірана і Паўночнай Карэі. Урад Новай Зеландыі сцвярджае, што гэтыя прадпрыемствы з’яўляюцца часткай глабальнай сеткі, якая падтрымлівае расійскую нафтавую індустрыю і падрывае міжнародныя намаганні па абмежаванні фінансавання агрэсіі.

У санкцыйны спіс таксама ўключаныя два паўночнакарэйскія банкі, фізічныя асобы з КНДР і Ірана, а таксама Расійскі марскі рэгістр і дзве  нафтавыя кампаніі з Наварасійска і Туапсэ. Паводле ўладаў у Велінгтане, гэтыя захады маюць падтрымаць міжнародны ціск на Маскву і прымусіць яе да мірных перамоваў.

эж