МЗС Беларусі даў зразумець, што Беларусь можа не адкрыць рух праз закрытыя памежныя пераходы, калі на гэта пойдуць еўрапейскія суседзі. Пра гэта заявіў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Руслан Варанкоў, каментуючы намер польскіх уладаў аднавіць працу пунктаў пропуску «Баброўнікі» і «Кузніца».
«Не прэм'еру Польшчы і тым больш Літвы вырашаць, калі адновяць сваю працу пункты пропуску праз дзяржаўную мяжу «Баброўнікі» і «Кузніца». (...) Беларусь пагодзіцца з адкрыццём са свайго боку мяжы тады і толькі тады, калі будзе цалкам гатовая да гэтага інфраструктурна, кадрава і, што найбольш важна, у сферы бяспекі», - заявіў функцыянер рэжыму Лукашэнкі.
Паводле яго слоў, аднаўленне працы пунктаў пропуску з Польшчай і Літвой, якая заявіла аб закрыцці мяжы да 30 лістапада, залежыць таксама ад беларускага боку. Чыноўнік дадаў, што трэба наладзіць прафесійны дыялог паміж кампетэнтнымі службамі і прытрымлівацца дамоўленасцяў аб працы на мяжы.
Надоечы прэм'ер Польшчы Дональд Туск паведаміў, што плануецца адкрыццё КПП «Баброўнікі – Бераставіца» і «Кузніца – Брузгі». На мяжы Беларусі з Польшчай працуе толькі адзін пасажырскі памежны пераход «Брэст».
belsat.eu/эж