Латвійскае агенцтва аўтамабільнага транспарту (ANTA) з 1 лістапада абмежавала перасячэнне мяжы Латвіі з Расіяй і Беларуссю для нерэгулярных міжнародных аўтобусных рэйсаў. Забараняецца рух транспарту праз пункты пропуску Грэбнева і Церахава (на мяжы з Расіяй) і Патэрніекі (на мяжы з Беларуссю), паведамляе svabodar.org. 
Абмежаванні будуць дзейнічаць да 31 кастрычніка 2026 года і не закрануць рэгулярныя пасажырскія маршруты.
Паводле ўладаў Латвіі, рашэнне прынята дзеля ўмацавання нацыянальнай бяспекі і прадухілення нелегальнай міграцыі. Міністр транспартных зносін Аціс Швінка адзначыў, што пасля закліку ўрада пазбягаць паездак у Беларусь і Расію ўзрос паток арганізаваных нерэгулярных аўтобусаў, што стварае рызыку дзейнасці замежных спецслужбаў і вярбоўкі грамадзян.
Цяпер з Латвіі выконваюцца тры рэгулярныя маршруты ў Беларусь і шэсць у Расію.
эж