Амбасаду Рэспублікі Беларусь у Славацкай Рэспубліцы плануецца адкрыць да 1 верасня 2026 года, чытаем на Зеркало.
«Аднаўленне пастаяннай дыпламатычнай прысутнасці Беларусі ў Славакіі дасць магчымасць значна павысіць эфектыўнасць работы па развіцці палітычных, гандлёва-эканамічных і інвестыцыйных сувязяў, практычным вывучэнні магчымасцяў прамысловай кааперацыі і сумесным засваенні новых рынкаў», – заявілі ва ўрадзе.
Нагадаем, раней у Беларусь пасля амаль пяцігадовага перапынку вярнуўся амбасадар Славакіі, ім стаў Ёзэф Мігаш, які раней ужо займаў гэтую пасаду.
Кіраўнік дыпмісіі адзначыў, што «санкцыі на сучасным этапе – вельмі лімітавальны фактар у славацка-беларускіх адносінах, не толькі гандлёва-эканамічных, але і міжчалавечых, турыстычна-пазнавальных».
– Наш намер – узмоцнена развіваць славацка-беларускае супрацоўніцтва і прыяцельскія адносіны, – сказаў ён. – Перад намі – рэстарт нашых адносін пасля пяці гадоў застою, які пачаўся ў 2020 годзе.
Упершыню Ёзэф Мігаш быў прызначаны амбасадарам Славакіі ў Беларусі ў лютым 2016 года. 9 траўня 2020 года падчас пандэміі каранавіруса ён узяў удзел у парадзе Перамогі ў Мінску. Калі яго прысутнасцю на мерапрыемстве зацікавілася Міністэрства замежных і еўрапейскіх справаў Славакіі, дыпламат падаў у адстаўку. Сам Мігаш свой удзел ва ўрачыстасцях патлумачыў тым, што ён сын «партызана і антыфашыста».
Пазней Аляксандр Лукашэнка назваў здарэнне «міжнародным скандалам» і ў ліпені 2020 года ўручыў Мігашу ордэн Францыска Скарыны.
1 кастрычніка 2023 года на парламенцкіх выбарах у Славакіі перамагла папулісцкая партыя, якую ўзначальвае былы прэм’ер-міністр Роберт Фіца, якога СМІ называюць палітыкам, што сімпатызуе Крамлю.
У 2025 годзе Ёзэф Мігаш зноў стаў амбасадарам Славакіі ў Беларусі.
– Я вярнуўся сюды з місіяй амбасадара і хачу зрабіць усё, каб адносіны паміж Славакіяй, Еўрасаюзам і Беларуссю былі лепшымі, нашмат лепшымі і грунтаваліся на прагматызме, супрацоўніцтве, кааперацыі і сяброўстве, – сказаў дыпламат.
Зеркало/ав