Беларуская Служба

Беларусаў, якія стала жывуць за мяжой, абавяжуць здаваць адбіткі пальцаў пры ўездзе ў Беларусь

05.11.2025 14:10
Палата прадстаўнікоў у другім чытанні ўхваліла два законапраекты, якімі ўносіць змены ў шэраг законаў аб нацыянальнай бяспецы.
 .
Беларуская мяжа. Фота: spring96.org

У Беларусі войска будзе ўдзельнічаць у вырашэнні ўнутраных канфліктаў. А беларусаў, якія стала жывуць за мяжой, абавяжуць здаваць адбіткі пальцаў пры ўездзе ў Беларусь.
Палата прадстаўнікоў у другім чытанні ўхваліла два законапраекты, якімі ўносіць змены ў шэраг законаў аб нацыянальнай бяспецы, паведамляе Свабода.

Як адзначаецца ў Telegram-канале Палаты прадстаўнікоў, адзін з законапраектаў падрыхтаваны і ўхвалены з мэтай прывядзення законаў у адпаведнасць з ваеннай дактрынай Беларусі.

Сярод навацыяў– прызнанне агрэсіяй узброенага нападу не толькі на Беларусь, але і на так званую «саюзную дзяржаву» ці дзяржаву, якая ўваходзіць у АДКБ.

У законе аб Узброеных сілах Беларусі пашырылі пералік задачаў беларускага войска, сярод якіх цяпер і ўдзел у недапушчэнні ўнутранага канфлікту, а ў выпадку яго пачатку – дапамога ў яго спыненні.

Іншы ўхвалены ў другім чытанні праект закону прадугледжвае пашырэнне пераліку грамадзян, у якіх бяруць адбіткі пальцаў, у тым ліку пры перасячэнні мяжы.

Дакумент прадугледжвае абавязковую дактыласкапію пры выданні дакументаў для грамадзян Беларусі ад 14 да 75 гадоў, якія набылі грамадзянства замежнай краіны або дазвол на жыхарства ці іншы дакумент, які надае права на льготы й іншыя перавагі ў сувязі з палітычнымі і рэлігійнымі поглядамі або на падставе нацыянальнай прыналежнасці.

Таксама здаваць адбіткі пальцаў абавяжуць грамадзян Беларусі, якія стала жывуць за мяжой і стаяць на консульскім уліку ў беларускіх консульствах.

Дактыласкапію зробяць абавязковай і для іншаземных грамадзян, які звярнуліся па атрыманне статусу ўцекача ў Беларусі або па дазвол на часовае ці сталае жыхарства на беларускай тэрыторыі.

Раней заканадаўства Беларусі абавязвала здаваць адбіткі пальцаў толькі іншаземцаў і асобаў без грамадзянства, уключаных у спісы непажаданых ці дэпартаваных асобаў.
Абавязковую дактыласкапію плануюць увесці для людзей, якія на момант высвятлення іхнай асобы праз стан здароўя ці ўзрост не могуць паведаміць звесткі пра сябе або адмаўляюцца гэта зрабіць.

Апроч таго, дакумент абавязвае юрыдычныя асобы і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія займаюцца міжнароднымі аўтамабільнымі перавозкамі, перадаваць у інфармацыйныя сістэмы Міністэрства транспарту і камунікацыяў персанальныя звесткі пасажыраў.

Памежнікам таксама надалі права праводзіць асабісты надгляд грамадзян і іхных рэчаў пры дапамозе тэхнічных і спецыяльных сродкаў.

Свабода/ав