Беларуская Служба

КДБ стаў выклікаць на гутаркі аб палітыцы прадстаўнікоў рэдкай прафесіі

06.11.2025 12:30
Антыкрызісных кіраўнікоў выклікаюць у Камітэт дзяржбяспекі на «гутаркі».
.
.ulleo /pixabay.com/CC0 Public Domain

Пра гэта некалькі дзён таму напісаў у Фэйсбуку Сяргей Пінчук, які раней працаваў у гэтай сферы. Паводле інфармацыі «Люстэрка», кіраўнікоў пытаюцца пра палітычныя погляды, некаторых затрымліваюць на суткі, а кагосьці схіляюць да супрацоўніцтва.

Былы антыкрызісны кіраўнік Сяргей Пінчук лічыць, што ўлады дабраліся «да найбольш незразумелай, малапапулярнай і малалікай з вольных «прафесій»».

- Нармалізавалі за пяць гадоў адвакатаў, натарыусаў, падатковых кансультантаў, юрыстаў-гаспадарнікаў, рыэлтараў, творцаў і нават экскурсаводаў, – піша ён. – З кімсьці праводзяць прафілактычную гутарку з унясеннем у асабістую справу, камусьці трое сутак КПЗ з бамжамі. Хтосьці – двума тыднямі эпізадычных допытаў з наступнай згодай паведамляць аб любых падазроных гутарках.

Акрамя гэтага, паводле слоў Пінчука, Міністэрства эканомікі пачало пазбаўляць гэтых спецыялістаў атэстатаў, без якіх яны не могуць працаваць.

- Дзяржорган па справах аб банкруцтве тым часам, не абвяшчаючы праверак і не прымаючы тлумачэнняў, моўчкі адбірае ў кіраўнікоў атэстаты. Пачкамі, – канстатуе ён.

Па дадзеных крыніцы «Люстэрка» з гэтай сферы, актыўную ўвагу на антыкрызісных менеджараў звярнулі каля месяца таму. Суразмоўца СМІ ведае пра мінімум пяць калегаў, якіх выклікалі ў КДБ. Па словах крыніцы, сілавікі выбіраюць тых, хто хоць нейкім чынам паказваў прыкметы нелаяльнасці ўлады. Масавае пазбаўленне атэстатаў, па словах суразмоўцы, таксама адносна новая з'ява.

Люстэрка/ав