Беларуская Служба

У Мельбурне Ціханоўская заклікала Аўстралію падтрымліваць беларускіх журналістаў, праваабаронцаў і прафсаюзы

08.11.2025 21:07
3 лістапада Святлана Ціханоўская наведала Новую Зеландыю, з 4 па 8 лістапада знаходзіцца ў Аўстраліі.
,
Мельбурн, Аўстраліяpixabay.com/Jonny_Joka/free commercial use license

На сустрэчах у Мельбурне дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская сярод іншага заклікала падтрымліваць беларускіх журналістаў, праваабаронцаў і прафсаюзы, вынікае з паведамлення прэс-службы палітыка.

Першы візіт дэмлідара ў гэты рэгіён распачаўся на пачатку месяца. 3 лістапада яна наведала Новую Зеландыю, з 4 па 8 лістапада знаходзіцца ў Аўстраліі. У Мельбурн яна прыбыла 7 лістапада, да гэтага пабываўшы ў Сіднэі і Канберы, паведамляе «Позірк».

У Мельбурне – другім па велічыні аўстралійскім горадзе – палітык таксама абмяркоўвала пытанні «міжнароднай адказнасці і правасуддзя», «удзелу Аўстраліі ў санкцыях супраць рэжымаў» Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна, «развіцця беларуска-аўстралійскіх сувязяў, адукацыі і культуры», «абароны беларускай дыяспары ад пераследу», праблемы «легалізацыі і прызнання пратэрмінаваных пашпартоў».

Паводле інфармацыі прэс-службы Ціханоўскай, падтрымку беларускіх рабочых і палітвязняў дэмлідар абмеркавала з кіраўніком Аўстралійскай рады прафсаюзаў (ACTU) Мішэль О’Ніл; стварэнне групы «За дэмакратычную Беларусь» і патэнцыйныя праграмы рэабілітацыі беларускіх добраахвотнікаў, што змагаліся за Украіну, – з прадстаўнікамі парламента штата Вікторыя.

Палітык таксама выступіла ў Аўстралійскім інстытуце міжнародных адносін (AIIA); сустрэлася з кіраўніцтвам і студэнтамі Тэхналагічнага ўніверсітэта Суінбёрна, дзе прачытала лекцыю «Беларусь і будучыню дэмакратыі», а таксама з прадстаўнікамі «акадэмічнай і дыпламатычнай супольнасці».

«Вельмі каштоўныя сустрэчы і важны візіт. Мы шукаем і знаходзім саюзнікаў свабоднай Беларусі па ўсім свеце. Пасля гэтага візіту нашая супраца выйдзе на новы ўзровень, і Аўстралія з Новай Зеландыяй будуць яшчэ больш актыўна выступаць па беларускім пытанні. Дамовіліся і на практычныя крокі – паступова будзем іх рэалізоўваць», – заявіла Ціханоўская.

вс