Беларуская Служба

Лукашэнка загадаў браць з кожнага літоўскага грузавіка за стаянку 120 еўра за суткі

10.11.2025 11:12
Калі гэтыя грошы не будуць выплачаныя, цягачы і фуры будуць канфіскаваныя.
Ілюстрацыйнае фотаhttps://t.me/pul_1

Беларускі ўзурпатар пракаментаваў сітуацыю на літоўскай мяжы, піша штодзёнка «Наша Ніва». У панядзелак на пачатку нарады пра планы на наступнае пяцігоддзе Лукашэнка выказаўся на тэму вострай сітуацыі з літоўскімі фурамі, якія захраслі на літоўскай мяжы, і наконт дзеянняў літоўскага боку з гэтай нагоды.
 
«Як звычайна, ад сур'ёзных міждзяржаўных праблем літоўскія ўлады вырашылі мышкаваць і паспрабаваць нас яшчэ раз абвінаваціць і нахіліць у гэтых ці то шарыках, ці то яшчэ ў чымсьці. Мы гатовыя да адкрыцця мяжы даўно. Мы яе не закрывалі», — сказаў дыктатар.

Аляксандр Лукашэнка загадаў браць з кожнага літоўскага грузавіка за стаянку 120 еўра за суткі. Калі гэтыя грошы не будуць выплачаныя, цягачы і фуры будуць канфіскаваныя. Пакідаць тэрыторыю Беларусі праз трэція краіны фурам забаронена, пакуль Літва трымае мяжу закрытай.

Апроч таго Лукашэнка абвінаваціў ЗША ў паўсталай сітуацыі. «Пра ўсё астатняе мы яшчэ пагаворым у найбліжэйшы час на перамовах з дэлегацыяй Злучаных Штатаў Амерыкі. Адчуваю, што без іх тут не абышлося», — зазначыў узурпатар.

У Беларусі на дадзены момант застаюцца 5 тысяч літоўскіх цягачоў і паўпрычэпаў, а Мінск забараняе ім рух па краіне. Літва выказвала надзею, што пункт «Салечнікі» («Беняконі»), нягледзячы на закрытую да 30 лістапада мяжу, часова будзе адкрыты для пропуску фураў, але Беларусь адмовілася гэта рабіць.

Пункты пропуску на мяжы былі закрытыя Літвою да 30 лістапада ў адказ на гібрыдныя атакі, з боку Беларусі.

Крыніца: Наша Ніва/юл