Аляксандр Лукашэнка «ад імя ўсіх беларусаў і сябе асабіста» павіншаваў народ Польшчы з Нацыянальным святам незалежнасці, якое адзначаецца 11 лістапада, перадае «Люстэрка».
«У цяперашні няпросты час асабліва адчувальна ўспрымаюцца каштоўнасці суверэннасці дзяржавы і свабоды народа, які стварае сваю будучыню на аснове нацыянальнай самасвядомасці, гістарычнай мудрасці і падтрымкі ўзаемапаважлівых адносін», - гаворыцца ў віншаванні.
Лукашэнка перакананы, што палякі «бачаць і добра разумеюць значнасць міжчалавечых кантактаў і супрацоўніцтва з Беларуссю, прыязнасці і даверу, захавання агульнай хрысціянскай і культурнай спадчыны».
Ён заявіў, што «добрасуседства - наш бясцэнны дар, якім пры любых абставінах не варта рызыкаваць: замыкаць межы і ставіць пад пагрозу нацыянальную бяспеку». І нагадаў, што Мінск, «дэманструючы прыхільнасць прынцыпам мірнага суіснавання», увёў бязвіз для грамадзян ЕС, «чым скарысталіся ўжо больш як 120 тыс. польскіх грамадзян».
Палітык пажадаў народу Польшчы «згоды, бясхмарнага неба і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні», а таксама запрасіў усіх «у гасцінную Беларусь».
Віншаванні «народу», а не лідарам Лукашэнка звычайна адпраўляе ў «недружалюбныя» краіны. Такія тэлеграмы, напрыклад, раней атрымлівалі «народы» Даніі, Славеніі, Францыі, ЗША, Украіны і іншых краін. Лідарам Расіі, Шры-Ланкі, Ірана, Сербіі, Егіпта, Сінгапура, Індыі, Мексікі адпраўляліся «імянныя віншаванні».
яс