Беларуская Служба

Вільня агучыла ўмовы адкрыцця мяжы з Беларуссю

12.11.2025 11:44
Мінск павінен спыніць запуск метэаралагічных шароў з кантрабанжай, якія парушаюць паветраную прастору Літвы, і перастаць пагражаць Еўрасаюзу.
Літоўскі памежнік на ахове мяжы з БеларуссюКрыніца: State Border Guard Service/Lithuania/X

Міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс заявіў, што Вільня адкрые мяжу з Беларуссю толькі тады, калі рэжым Аляксандра Лукашэнкі спыніць «абвастраць сітуацыю да межаў гарачых фаз». Дыпламат падкрэсліў, што гаворкі пра перамовы быць не можа, бо «Лукашэнка бярэ закладнікаў і працягвае гібрыдную атаку на суседзяў і НАТА», паведамляе LRT.

Паводле Будрыса, Мінск павінен спыніць запуск метэаралагічных шароў з кантрабанжай, якія парушаюць паветраную прастору Літвы, і перастаць пагражаць Еўрасаюзу.

Міністр таксама паведаміў, што пра сітуацыю была інфармаваная адміністрацыя ЗША, і Літва спадзяецца, што Вашынгтон паставіць гэтае пытанне сярод прыярытэтных.

Нагадаем, Літва закрыла мяжу з Беларуссю напрыканцы кастрычніка пасля шматразовых парушэнняў паветранай прасторы зондамі з кантрабандай. У Беларусі засталіся каля 1100 літоўскіх фур, з якіх спаганяюць па 120 еўра за суткі. Лукашэнка даручыў пачаць перамовы, але Вільня называе гэта «падманам».

эж