Беларуская Служба

МЗС Украіны патлумачыла, чаму не закрывае пасольства ў Беларусі

12.11.2025 17:06
Ва ўкраінскім МЗС адзначылі, што пасольства дзейнічае ў складаных умовах – на фоне збліжэння Мінска і Масквы ў рамках «Саюзнай дзяржавы» і актыўнага вайскова-тэхнічнага, эканамічнага і культурнага супрацоўніцтва паміж імі.
Сцяг Украіныpixabay.com/jororo

Украінскае Міністэрства замежных спраў паведаміла на запыт выдання Liga.net, што дыпламатычная місія ў Мінску працягвае працаваць, каб знізіць рызыку далейшага ўцягвання Беларусі ў вайну на баку Расіі, а таксама дапамагаць грамадзянам Украіны, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі і Расіі.

Сярод галоўных задач пасольства Украіны – консульская дапамога і абарона ўкраінцаў, садзейнічанне вяртанню незаконна вывезеных дзяцей з акупаваных тэрыторый, а таксама праца з іншымі замежнымі дыпламатычнымі місіямі адносна парушэнняў Расіяй міжнароднага гуманітарнага права і ўдзелу Беларусі ў гэтых дзеяннях.

Ва ўкраінскім МЗС адзначылі, што пасольства дзейнічае ў складаных умовах – на фоне збліжэння Мінска і Масквы ў рамках «Саюзнай дзяржавы» і актыўнага вайскова-тэхнічнага, эканамічнага і культурнага супрацоўніцтва паміж імі.

Пры гэтым вайсковы аташэ Украіны ў Беларусі цяпер не працуе.

Акрамя таго, ведамства паведаміла Liga.net, што па неафіцыйнай інфармацыі ў Беларусі цяпер знаходзіцца каля 200 тысяч украінскіх грамадзян, але на консульскім уліку – толькі каля 7 тысяч. З пачатку года да сярэдзіны верасня пасольства пералічыла ў бюджэт Украіны каля 110 тысяч долараў за консульскія паслугі.

Наша Ніва/ав