Міністр замежных спраў Кястуціс Будрыс паведаміў, што Літва можа адкрыць два закрытыя пункты пропуску на мяжы з Беларуссю яшчэ да 30 лістапада.
«Я лічу, што мы павінны кіравацца тымі ж прычынамі і параметрамі, па якіх прымаліся рашэнні, – у панядзелак у Сейме Літвы заявіў журналістам кіраўнік літоўскай дыпламатыі. – Думаю, што гэта варта разгледзець». Пра гэта паведамляе партал Lrt.lt.
Так ён адказаў на пытанне, ці могуць памежныя пункты быць адкрытыя раней, чым вырашыў урад. Кабінет міністраў закрыў мяжу з Беларуссю з пэўнымі выключэннямі да 30 лістапада.
«Мы глядзім, што адбываецца ў небе і на зямлі, функцыянуем мы ці не. Задача ніколі не палягала ў тым, каб дасягнуць нечага да пэўнай даты ці ставіць нейкія асаблівыя мэты. Мэта – прадухіліць гібрыдныя атакі, якія здзяйсняюцца супраць нас, каб рэжым змяніў свае паводзіны», – падкрэсліў Будрыс.
Літва закрыла памежныя пункты «Мядзінінкай» і «Шальчынінкай» у канцы кастрычніка, рэагуючы на пагрозу для грамадзянскай авіяцыі з-за кантрабандных паветраных шароў.
Кіраўніцтва краіны называе гэта гібрыднай атакай Беларусі, якая здзяйсняецца не без ведама аўтарытарнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
Гэтыя дзеянні Мінска асудзілі лідары ЕС, падтрымку Літве выказала НАТА.
У адказ на рашэнне Вільні закрыць пункты на мяжы з Беларуссю Мінск забараніў літоўскім грузавікам, якія знаходзяцца на тэрыторыі краіны, вяртацца ў Літву. Рэжым заявіў, што не дазволіць гэтага, пакуль мяжа не будзе адкрытая, а пакуль што фуры перамешчаныя на спецыяльныя стаянкі, дзе іх абяцаюць абкласці зборамі.
Па словах Кястуціса Будрыса, сітуацыя з паветранымі шарамі знаходзіцца пад кантролем.
Сёння апоўначы варшаўскага часу Польшча адкрыла два памежныя пераходы – «Баброўнікі» і «Кузніца».
вс