Беларуская Служба

«Усе павінны быць працаўладкаваны». Кіраўнік МУС запатрабаваў ад міліцыі больш актыўна ўзяцца за «дармаедаў»

22.11.2025 08:12
Кіраўнік МУС Беларусі Іван Кубракоў запатрабаваў, каб участковыя міліцыянеры больш актыўна правяралі непрацуючых людзей.
    .
Міністр МУС Беларусі Іван Кубракоў.t.me/minobl_uvd

«Усе, хто не работаюць, асабліва ў сельскай мясцовасці, павінны быць адпрацаваны ўчастковымі інспектарамі міліцыі», – цытуе міністра Zerkalo.io.

Іван Кубракоў заявіў, што праваахоўнікі надаюць асаблівую ўвагу арганізацыі працы з асобамі, якія стаяць на ўліку, і найперш не занятымі ў эканоміцы.

«Намаганні органаў унутраных спраў у цэлым дазваляюць уплываць на паводзіны грамадзян. Аднак відавочна, што ёсць нерэалізаваны патэнцыял, – адзначыў кіраўнік МУС. – Тымі, хто не вучыцца і не працуе, па-ранейшаму здзяйсняецца больш за палову злачынстваў. Галоўным чынам маёмасных, што тлумачыцца іх імкненнем атрымаць сродкі для існавання. Усе асобы, якія знаходзяцца ў нас на ўліку, павінны працаваць».

Міністр заявіў, што ўчастковым інспектарам трэба праверыць непрацуючых.

«Усе, хто не працуюць, асабліва ў сельскай мясцовасці, павінны быць адпрацаваны ўчастковымі інспектарамі міліцыі, – заявіў Іван Кубракоў. – Вы адразу ўбачыце, гэты чалавек займаецца камерцыяй і не выплачвае падаткі, альбо гэты чалавек – п'яніца, які не трапляў у наша поле зроку, ён павінен знаходзіцца ў нас пад кантролем. Усё да аднаго, паўтараю, усе, хто стаіць на ўліку па прафілактыцы, па лініі крымінальна-выканаўчай інспекцыі, яны ўсе павінны быць працаўладкаваны».

Нагадаем, 21 лістапада ў МУС заявілі, што хочуць увесці адміністрацыйную адказнасць для некаторага насельніцтва з-за «невыканання абавязкаў па працаўладкаванні і праходжанні лячэння». Размова аб тых, хто знаходзіўся ў лячэбна-працоўным прафілакторыі і стаіць на ўліку ў міліцыі.

У Беларусі міліцыя працягвае змагацца з «дармаедствам» – непрацаўладкаваных выклікаюць на паседжанні камісій па «ўтрыманцах» і прыцягваюць іх да грамадскіх працаў. Тым часам некаторыя з тых, хто адмовіўся зʼявіцца на такія мерапрыемствы, патрапілі пад адміністратыўнае пакаранне. Раней у міліцыі папярэджвалі, што могуць пакараць штрафам ці нават арыштам тых, хто праігнаруе іх запрашэнні для працаўладкавання.

Раней, 21 студзеня гэтага года, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што неабходна больш актыўна прыцягваць на рынак працы тых, хто не працуе. Асабліва ён зважаў на Менск. А ў лістападзе 2024-га палітык сказаў, што ў Беларусі не павінна быць «бамжоў і дармаедаў».

Пасля гэтага ў Мінску і рэгіёнах – напрыклад, у Барысаве і Ваўкавыску – сілавікі дастаткова актыўна падключыліся да пошуку «дармаедаў» і іх працаўладкавання.

Нагадаем, людзі, якія афіцыйна не працуюць, цяпер аплачваюць па поўных тарыфах некаторыя жыллёва-камунальныя паслугі – ацяпленне, гарачую ваду і газ. Кошт першых двух паслуг для «дармаедаў» у пяць разоў вышэйшы, чым для астатняга насельніцтва.

вх