Беларуская Служба

У Літве заяўляюць, што транзіт беларускага калію можна ўвязаць з прысутнасцю сіл ЗША ў краіне

16.12.2025 11:08
«Нацыянальныя інатрэсы – гэта спалучэнне каштоўнаснай і прагматычнай палітыкі».
 .
Ілюстрацыйнае фота. Фота: PAP

Галоўны дарадца прэзідэнта Літвы па пытаннях нацыянальнай бяспекі Дэйвідас Матулёніс кажа, што прадстаўнікі ЗША пакуль не вялі перамоваў з літоўскімі службовымі асобамі аб магчымым аднаўленні транзіту беларускіх угнаенняў праз Клайпедскі порт, а калі з часам да гэтага ўсё ж вернуцца, такое рашэнне можна было б звязаць з дадатковай прысутнасцю амерыканскіх войскаў, паведамляе lrt.lt.

«Гэта карэктныя паводзіны амерыканцаў – яны сапраўды не аказваюць на нас ціску з патрабаваннем рабіць дадатковыя крокі, аднак калі калійныя ўгнаенні з Беларусі пачнуць паступаць у Амерыку, тады паўстане пытанне, якім маршрутам іх транспартаваць. Вось тут і з'явіцца цікавы момант», – сказаў Дэйвідас Матулёніс у эфіры Žinių radijas.

«Калі б мы нешта рабілі ў гэтым кірунку, гэта варта было б увязаць, магчыма, з дадатковымі магчымасцямі прысутнасці амерыканскіх сіл. Калі гэтыя ўгнаенні па сутнасці стануць амерыканскімі, будуць прызначаны для рынку ЗША, то (…) мы павінны апынуцца ў полі амерыканскіх інтарэсаў, але не ісці насуперак амерыканцам», – дадаў ён.

Матулёніс заклікаў не ідэалагізаваць пытанне транзіту беларускіх угнаенняў і, калі сітуацыя зменіцца, імкнуцца да рэалізацыі і прагматычных інтарэсаў Літвы.

«Нацыянальныя інатрэсы – гэта спалучэнне каштоўнаснай і прагматычнай палітыкі», – сказаў дарадца прэзідэнта.

Літва забараніла транзіт беларускіх угнаенняў у пачатку 2022 года, спасылаючыся на санкцыі ЗША, у той час як ЕС увёў санкцыі супраць іх пазней.

ЗША размяшчаюць у Літве, на палігоне ў Пабрадзе, каля тысячы сваіх вайскоўцаў, аднак у цяперашні час пераглядаюць прыярытэты дыслакацыі ў Еўропе і свеце.

На мінулым тыдні ЗША дамовіліся адмяніць санкцыі ў дачыненні да беларускіх калійных угнаенняў у абмен на вызваленне больш за 100 палітзняволеных у Беларусі.

вх