Аляксандр Лукашэнка пры прызначэнні новых кіраўнікоў Генеральнай пракуратуры і Следчага камітэта паставіў задачу і надалей не дапускаць ніякіх спроб рэвалюцыйнай барацьбы супраць яго рэжыму.
«І аднаго, і другога тычыцца: ніякіх намераў у плане рэвалюцыйнай барацьбы супраць існуючага дзяржаўнага ладу. Для гэтага ёсць выбары. Трэба ісці на выбары і вырашаць гэтыя праблемы. Вось тут у Беларусі ёсць усё. Тым больш, што цяперашні прэзідэнт, як я часта гавару, не трымаецца пасінелымі пальцамі за ўладу», – зноў заявіў ён, а словы дыктатара цытуе «Наша Ніва».
«Я – чалавек адыходзячы. Хаця многія за гэта ўхапіліся: «Ах, сыходзіць!..» Хто перажывае, хто радуецца. Гэта не значыць, што заўтра мы ўсё гэта кінем, я ў тым ліку, і сыдзем. Але зразумела, што я ўжо не той чалавек, які першы ці другі год працуе прэзідэнтам. Гэта значыць, што я буду свята выконваць правы і інтарэсы нашых людзей. Вы ў гэтым плане павінны працаваць», – сказаў Лукашэнка, які 31 год трымае ўладу.
Упершыню пра пасінелыя пальцы, якімі ён не трымаецца за ўладу, Лукашэнка сказаў у 2019 годзе: «Я сваю кандыдатуру прапаную на гэтых выбарах. Але калі буду адчуваць, што вы катэгарычна супраць, вядома, буду перажываць, але тым не менш вы павінны маю кандыдатуру адрынуць на выбарах. І я паабяцаў, што сінімі пальцамі за крэсла трымацца не буду».
Нягледзячы на прайграныя, паводле незалежных назіральнікаў, выбары і масавыя пратэсты супраць фальсіфікацый і гвалту, Лукашэнка з дапамогаю сілавікоў, рэпрэсій і Расіі ўзурпаваў уладу.
вс