Беларуская Служба

Кіраўнік КДБ Церцель: паміж Беларуссю і Польшчай ідзе дыялог, мы дасягнём выніку

24.12.2025 12:05
Паміж Беларуссю і Польшчай ідзе дыялог. Гэта цяжкая і сур'ёзная работа, але вынік будзе дасягнуты, заявіў старшыня КДБ Беларусі Іван Церцель.
C
Cтаршыня КДБ Беларусі Іван Церцель Крыніца: screenshot

«З Польшчай у нас ідзе дыялог. Я сказаў бы, што мы дасягнём выніку. Трэба, каб польскі бок, скажам так, стымуляваў некаторых сваіх саюзнікаў выканаць свае саюзніцкія абавязацельствы. У нас такое разуменне ёсць, у іх таксама разуменне ёсць. Работа цяжкая, сурʼёзная работа», – сказаў Іван Тэртэль.  

Кіраўнік КДБ адзначыў, што хоць Польшча зʼяўляецца членам НАТА, Еўрапейскага саюза, мае цесныя адносіны з ЗША, але польскі бок заўсёды адрознівала арыентацыя на свае ўласныя нацыянальныя інтарэсы. «Таму мы ўсё ж такі назіраем пэўнае ўсведамленне тых няправільных крокаў, якія былі зроблены папярэднім польскім кіраўніцтвам. Звязаныя з закрыццём граніц, спробамі націску, пытаннямі міграцыі і іншымі рэчамі – эканомікай, транзітам тавараў, людзей праз нашу тэрыторыю», – заявіў ён.

Паводле яго слоў, дыялог з польскім бокам не спыняўся ніколі. Напрыклад, існавалі кантакты паміж дыпламатычнымі ведамствамі на розным узроўні. «Цяпер яны перайшлі ў больш актыўную фазу. Вядома, ёсць кантакты паміж спецслужбамі», – сказаў Іван Церцель.

Ён растлумачыў, што часам менавіта канал па лініі спецслужбаў неабходны, каб у ціхай абстаноўцы вырашаць тыя ці іншыя істотныя для бакоў пытанні. «Заўсёды знаходзяцца агульныя падыходы, і мы можам адкрыта гэтыя пытанні абмяркоўваць, – адзначыў старшыня КДБ. – Так, па лініі спецслужбаў таксама ёсць кантакты з польскім бокам, у час якіх абмяркоўваюцца найбольш вострыя пытанні. Мы, вядома, па даручэнні кіраўніка дзяржавы працуем у гэтым кантэксце цесна з нашымі калегамі з Міністэрства замежных спраў. Настрой, зноў жа, нам задае кіраўнік дзяржавы».

Іван Церцель звярнуў увагу, што ў адносінах да Польшчы Беларусь не раз на працягу апошніх гадоў прымала жэст добрай волі: «Памілаванне і вызваленне асоб, асуджаных за шпіянаж. І іншыя дзеянні, якія былі не публічнымі».

«Мы пэўны водгук атрымлівалі, але не заўсёды знаходзілі вырашэнне тых ці іншых вострых праблем. Цяпер такіх вострых праблем фактычна тры-чатыры ёсць. Яны звязаны з неабходнасцю рабіць сустрэчныя крокі, разумеючы нашу зацікаўленасць у эканамічным развіцці, развіцці сувязей паміж людзьмі. І іншыя пытанні, якія патрабуюць вырашэння», – дадаў кіраўнік КДБ.

Ён адзначыў, што абмяркоўваюцца і пытанні, звязаныя з так званымі падрыўнымі цэнтрамі, якія існуюць на тэрыторыі суседніх дзяржаў – у краінах Балтыі, Польшчы і Украіне.

«Мы абмяркоўваем з нашымі калегамі даволі адкрыта ў час гэтых кантактаў. Яны разумеюць, што тыя праекты, якія намячаліся і пачалі рэалізоўвацца ў 2020 годзе, ужо немагчыма рэалізаваць. Таму для іх гэта пэўны цяжар, які яны хацелі б з сябе скінуць і не мець гэтага раздражняльніка ў адносінах», – растлумачыў Іван Церцель.



Паводле БелТА/вх