На Валыні суд прысудзіў да 15 гадоў пазбаўлення волі агента КДБ Беларусі, які шпіёніў за ўкраінскімі памежнікамі. Пра гэта са спасылкаю на Валынскую абласную пракуратуру паведамляе РБК-Украіна.
У судзе было даказана, што ў 2024 годзе 25-гадовы мужчына пагадзіўся супрацоўнічаць з замежнай спецслужбай і на замову КДБ Беларусі праводзіў фота- і відэаздымку абарончых збудаванняў паблізу дзяржаўнай мяжы Украіны. Атрыманыя матэрыялы ён перадаваў куратару, за што атрымліваў грашовую ўзнагароду пералічэннямі на банкаўскую картку.
Акрамя фота- і відэаздымкі абарончых аб'ектаў у памежнай зоне Валынскай вобласці, выконваў і дадатковыя задачы, дзейнічаючы сакрэтна і канфідэнцыйна. Гэтая дзейнасць працягвалася да мая 2025 года.
Мужчыну ва ўмовах ваеннага становішча прызналі вінаватым у здрадзе дзяржаве і прыгаварылі да 15 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.
Дасудовае расследаванне гэтага здарэння праводзілася СБУ ў Валынскай вобласці пад працэсуальным кіраўніцтвам абласной пракуратуры. У судзе было даказана, што дзеянні мужчыны стваралі пагрозу абараназдольнасці Украіны ва ўмовах поўнамаштабнай вайны. Прысуд вынесены паводле другой часткі 111 артыкула Крымінальнага кодэкса Украіны. Ён уступіць у сілу пасля заканчэння тэрміну абскарджання.
Падчас дасудовага расследавання абвінавачаны знаходзіўся пад вартай.
вх