Беларуская Служба

Качанава расказала пра абмежаванне, якое збіраюцца ўвесці чыноўнікі

29.12.2025 09:57
У некаторых выпадках за парушэнне забароны пагражае «крыміналка».
Наталля Качанавафота: youtube/screen

У Беларусі маюць намер увесці абмежаванні для электронных сістэм курэння, вэйпаў. Аб гэтым заявіла ў інтэрв'ю тэлеканалу СТВ кіраўнік Савета Рэспублікі Наталля Качанава. Яна пацвердзіла, што чыноўнікі могуць увесці крымінальную адказнасць за продаж вэйпаў непаўналетнім, піша Люстэрка.

Наталля Качанава расказала, што ў Савет Рэспублікі за 2025 год паступіла «вельмі шмат пытанняў, якія датычыліся курэння электронных цыгарэт, вейпаў».

«І зусім нядаўна, на паседжанні экспертнай рады (пры Савеце Рэспублікі. – заўв. рэд.), мы ўжо разгледзелі праект гэтага закона, дзе будзе дакладная рэгламентацыя вытворчасці, выкарыстання, рэкламы сродкаў тытунекурэння, – адзначыла чыноўніца. – Няма ніводнага прыёму, каб не казалі пра тое, што трэба ўзмацніць жорсткасць. І, канешне, адміністрацыйная адказнасць. Сябры экспертнай рады прапанавалі ўвесці аж да крымінальнай адказнасці, калі гэта будзе тычыцца непаўналетніх».

Нагадаем, у Беларусі распрацавалі праект Закона «Аб тытунёвай сыравіне, тытунёвых, нетытунёвых нікаціназмяшчальных вырабах, электронных сістэмах курэння і вадкасцях для іх, сістэмах для спажывання тытуню».

«Яго прыняцце дазволіць арганізаваць эфектыўны кантроль за абаротам як тытунёвых, так і нетытунёвых нікацінзмяшчальных вырабаў, электронных сістэм курэння. Разам з тым ад чальцоў экспертнай рады, нашых адмыслоўцаў, якім мы далі дакумент на разгляд, паступіў цэлы шэраг заўваг і прапаноў», – тлумачылі раней у Радзе Рэспублікі.

Люстэрка/ав