Народнае антыкрызіснае ўпраўленне накіравала ў Офіс Пракурора Міжнароднага крымінальнага суда зварот з просьбай вывучыць шэраг публічных заяў Аляксандра Лукашэнкі, зробленых 18 снежня 2025 года падчас яго так званага VII Усебеларускага народнага схода.
У афіцыйным лісце НАУ падкрэсліла, што ў сваёй прамове беларускі дыктатар, выступаючы ў якасці функцыянальнага кіраўніка дзяржавы і старшыні Усебеларускага народнага схода, пракаментаваў нядаўнюю высылку 123 палітвязняў, большасць з якіх з'яўляюцца грамадзянамі Беларусі.
У сваіх выказваннях Аляксандр Лукашэнка фактычна заявіў, што:
- адхіліў просьбу Злучаных Штатаў дазволіць вызваленым застацца ў Беларусі, настаяўшы на тым, каб ЗША вывезлі іх з тэрыторыі краіны і вырашалі іх далейшы лёс за яе межамі;
- зноў пацвердзіў, што вызваленым не павінна быць прадастаўлена «магчымасць вяртання» ў Беларусь;
– пацвердзіў, што тым, хто выязджае з краіны, наўмысна адмаўляюць у выдачы пашпартоў, выстаўляючы іх «ворагамі».
Як вынікае са звароту, пададзенага ў Офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда: «Народнае антыкрызіснае ўпраўленне мяркуе, што дадзеныя заявы служаць дадатковым доказам мэтанакіраванай палітыкі беларускіх уладаў па пераследу і дэпартацыі асоб, прызнаных »нелаяльнымі«».
«Рэжым фактычна незаконна пазбаўляе людзей свабоды, незаконна дэпартуе іх за межы ўласнай краіны, забараняе вяртацца пад пагрозай новых крымінальных пераследаў, незаконна пазбаўляе дакументаў. Усе гэтыя заявы Лукашэнкі мы кваліфікуем не як рыторыку, а як дадатковыя доказы мэтанакіраванай дзяржаўнай палітыкі. Палітыкі пераследу. Палітыкі дэпартацыі. Палітыкі прымусовага перамяшчэння цывільнага насельніцтва. А гэта – прамыя прыкметы злачынстваў супраць чалавечнасці ў разуменні Рымскага статута Міжнароднага крымінальнага суда. Лукашэнка сам, публічна, на камеру, крок за крокам фармуе доказную базу супраць сябе. Нашая задача – юрыдычна правільна яе зафіксаваць і перадаць туды, дзе за гэта выносяць прысуды, а не апладыруюць. Мы будзем працягваць гэтую працу. Мы будзем працягваць накіроўваць матэрыялы ў Міжнародны крымінальны суд. Мы будзем дамагацца таго, каб ніводнае злачынства супраць беларусаў не засталося без прававой ацэнкі», – адзначыў кіраўнік НАУ Павел Латушка.
аз